У Брэсцкай крэпасці прайшлі першыя памятныя мерапрыемствы

21 июня 2013
4 раніцы 22 чэрвеня 41-га года. Пачатак самай страшнай вайны для Беларусі. Памяць пра герояў жывая і сёння. Бо ў нашай краіне няма сям'і, якую не закрануў бы жах Вялікай Айчыннай. Амаль 72 гады таму фашысцкая Германія, парушыўшы дагавор аб ненападзенні, уварвалася ў Савецкі Саюз. Яна пацярпела разгромнае паражэнне, але гэта каштавала нашай краіне жыцця кожнага трэцяга беларуса. Ужо раніцай у Брэсцкай крэпасці, на якую прыйшоўся першы ўдар, ушануюць памяць усіх герояў. Беларусы, расіяне і ўкраінцы будуць побач, як і ў тыя страшныя гады. І ўжо сёння прайшлі першыя памятныя мерапрыемствы. На тэрыторыі мемарыяльнага комплексу перапахавалі астанкі салдат, якія загінулі пры абароне цытадэлі. У той вайне мы перамаглі, а такая Перамога ёсць не ў кожнага народа.

З Брэста Вікторыя Патоня.


Нягледзячы на тое, што прайшлі 72 гады з пачатку Вялікай Айчыннай, астанкі загінуўшых воінаў знаходзяць дагэтуль. У маі на Кобрынскім вале пошукавікі выявілі астанкі двух байцоў. Сёння загінуўшых абаронцаў цытадэлі з ушанаваннямі перапахавалі на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці.


Асланбек Джапуеў пераадолеў амаль тры тысячы кіламетраў. З Кабардзіна-Балкарыі ён прыехаў на легендарную брэсцкую зямлю, захапіўшы з сабою некалькі жменек зямлі з радзімы загінуўшага ў сценах цытадэлі сваяка, імя і прозвішча якога выгравіраваныя на плітах некропаля.


Паважаць і памятаць пра подзвіг загінуўшых і тых, хто выжыў. Свята Вялікай Перамогі - адно з галоўных у нашай краіне. Пра гэта не раз гаварыў Кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да ветэранаў і да маладога пакалення, дзеля якога кожны трэці склаў галаву падчас Вялікай Айчыннай.


Вось ужо чатыры гады ў Брэсцкую крэпасць прыязджае Мікалай Бяляеў. Ветэран з Санкт-Пецярбурга абараняў савецкае Запаляр'е, удзельнічаў у вызваленні Польшчы, дайшоў да Берліна. Ветэран лічыць сваім доўгам кожны чэрвень быць на зямлі, дзе мужна ваявалі за мірнае неба.


Вечар на брэсцкім Арбаце нагадвае перадваенную атмасферу. Рэтратэхніка, байцы ў форме савецкага салдата. Кожны мае ўнікальную магчымасць зрабіць фота на памяць, нібы з мінулага.


Ваенна-гістарычныя клубы ствараюць атмасферу апошняга мірнага дня. Але ўжо праз лічаныя гадзіны наступіць сумная дата. І рэканструктары адновяць падзеі першых дзён вайны. У імя памяці.