У Брэсце ўпершыню рамеснікі аб'ядналіся ў прафесійны саюз

14 марта 2016

У краіне сёння налічваецца каля 16 000 рамеснікаў, якія адраджаюць традыцыі і вяртаюць у сучаснае жыццё старажытныя тэхналогіі. Каб вырашаць свае пытанні хутчэй і разам, у Брэсце ўпершыню рамеснікі аб'ядналіся ў прафесійны саюз. За чатыры месяцы існавання арганізацыі да брэсцкіх майстроў далучыліся аматары творчасці з Мінскай, Гродзенскай, Магілёўскай і іншых абласцей. Вікторыя Патоня пацікавілася: навошта рамеснікам прафсаюз і ў чым плюсы такога аб'яднання?

Павуцінка з папяровых дубцоў падобна да пляцення з лазы. Для жаночых рук такая творчасць нашмат прыемнейшая, гаворыць майстрыха Святлана Шыманюк. Для дызайнера папяровае пляценне ўсяго толькі хобі, якое да таго ж прыносіць дадатковы прыбытак. Газетным старонкам рукадзельніца дае другое жыццё. Скручвае іх у саломку, фарбуе па старажытнай тэхналогіі, як яечную шкарлупіну. Кожны выраб грунтуецца і пакрываецца лакам. Трывалыя кошыкі, падстаўкі, скрыначкі і хлебніцы - сапраўдны твор мастацтва.

Вырабы сваімі рукамі - спосаб раскрыць свае таленты. Кожны майстар шукае сваю нішу і звяртаецца да традыцый. Мала хто ведае, але на нашых землях былі папулярныя тканыя вазы, вышыванне па гліне і вусцілкі з травяных збораў.

Беларускім рамеснікам атрымалася аднавіць старажытную тэхналогію вырабу пантофляў. У такім абутку нашы продкі хадзілі выключна па хаце. А робіцца ён са звычайнай ільняной вяроўкі.

На выставы-кірмашы брэсцкія майстры будуць выязджаць часцей. Для гэтага яны аб'ядналіся ў прафсаюз. І калі чатыры месяцы назад у арганізацыі налічвалася ўсяго 16 чалавек, сёння гэта паўсотні рамеснікаў. А заяўкі ўступіць у арганізацыю паступаюць нават з іншых абласцей.

Жан Васько, старшыня Першаснай прафсаюзнай арганізацыі рамеснікаў Брэсцкай вобласці: "Памяшканні, дзе маглі б працаваць рамеснікі, выстаўляцца, ідуць па іншай стаўцы, паніжанай, чым нармальная арэндная плата. Сумесна, пэўна, калі займаемся вышываннем, закупіць нейкія ніткі, іголачкі і іншыя рэчы, якія неабходныя нашым рукадзельніцам, салідарна прасцей. Праз юрыдычную форму лягчэй ідуць на кантакт нашы гандлёвыя арганізацыі".

Першасная прафсаюзная арганізацыя рамеснікаў ужо правяла некалькі міжнародных выстаў і склала дамову аб супрацоўніцтве з польскім Церэспалем.