У Брэсце прадстаўлены распрацоўкі ў рамках праекта 100 ідэй для Беларусі

3 ноября 2014
Як павінен выглядаць энергазахавальны школьны клас? Што трэба для новага жыцця старых музеяў… У Брэсце навуковыя і сацыяльныя распрацоўкі прадставілі маладыя крэатыўшчыкі ў рамках праекта 100 ідэй для Беларусі. На прэзентацыі - больш за 20 работ. Сярод інавацый - праект міні-станцыі па перапрацоўцы батарэек, прыстасаванне для вымярэння глыбіні вадаёмаў, а таксама прыбор для знаходжання непаладак у электраправодцы.

Іван Федарук, навучэнец СШ № 7 г. Брэста: Аналагаў гэтаму прыстасаванню ў свеце няма, таму што яно сілкуецца ад паўтара Вольт і мае больш чым 12 функцый. І ўсё гэта змешчана ў корпусе ад старога няспраўнага будзільніка.

Віктар Іваноў, першы сакратар Брэсцкага абласнога камітэта БРСМ: У нас у такой рэалізацыі два праекты буйныя. Гэта па Белазерску - па вырошчванні на Бярозаўскай ГРЭС грыба-вешанкі. І, адпаведна, мы плануем у 15 годзе стварыць у Брэсцкай крэпасці ў юбілейны год 70-годдзя Перамогі маладзёжна-патрыятычны цэнтр, які аб'яднае ўсю патрыятычную працу ў нашым рэгіёне.

За час існавання праекта 100 ідэй для Беларусі толькі ў Брэсцкай вобласці разгледзелі больш чым 150 распрацовак. Каля 30% носяць мясцовы характар і не патрабуюць істотнага фінансавання. Лепшыя інавацыйныя прапановы прадставяць на рэспубліканскім этапе.