У Брэсце з'явіцца амаль 9-кіламетровы транспартны калідор

16 октября 2013

У Брэсце да канца 2015 года з'явіцца амаль 9-кіламетровы транспартны калідор. Ён злучыць два міжнародныя пункты пропуску - Брэст і Казловічы. Новая траса дапаможа вырашыць набалелую праблему затораў і зрабіць шлях для транзітнага транспарту больш зручным. Першая чарга заходняга абходу блізкая да завяршэння: пабудаваны новы аўтамабільны мост, вядзецца добраўпарадкаванне вуліц, што вядуць да яго, будуюцца і стаянкі для машын.



Расказвае Вікторыя Патоня. Заходні абход абласному цэнтру неабходны, як паветра. Бо менавіта паветра з-за інтэнсіўнага транспартнага патоку і затораў у горадзе стала мала. Паўтара года таму пачалося ўзвядзенне амаль 9-кіламетровай аўтамагістралі, якая злучыць два міжнародныя пункты пропуску - Брэст і Казловічы. Першая чарга грандыёзнай будоўлі практычна завершаная.


Асноўны паток праз раку прыпадае на гэты мост. Для многіх вадзіцеляў працяглы час пробкі тут сталі, хутчэй, нормай, чым выключэннем. Але ўжо гэтай восенню ў горадзе з'явіўся дадатковы шлях, які злучае два берагі - новы шасціпалосны мост. Ён і закліканы разгрузіць асноўныя транспартныя артэрыі Брэста.


Такая магістраль у абласным цэнтры з'явілася ўпершыню. Па словах будаўнікоў, узвядзенне арачнай канструкцыі было няпростым, прыйшлося нават павярнуць рэчышча ракі.



Міхаіл Водчыц, генеральны дырэктар ААТ Будтрэст №8 г. Брэста: Складана было ўзводзіць і мост, і саму дарогу, таму што гэта абалона ракі, гэта вялізныя земляныя работы і спадарожныя работы. Але я скажу: такія аб'екты будаваць прыемна.



Першая чарга заходняга абходу пацягнула з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў амаль 340 млрд рублёў. Прадугледжаныя веладарожка, пешаходны пераход пад мостам, набярэжная і дзве аўтастаянкі.


Другая чарга заходняга абходу будзе крыху змененая. За межы горада вынесуць нафтабазу. Месца, якое вызвалілася, выкарыстаюць пад пуцеправод праз чыгунку. Гэта дазволіць пазбегнуць адсялення жыхароў. А аўтацягнікі ўкраінскага кірунку ў Казловічы змогуць праязджаць практычна напрамую, па адной трасе.


Мясцовыя ўлады прапанавалі назваць мост Берасцейскі. Грандыёзная аўтамагістраль размешчаная блізка да крэпасці і да месца, дзе гістарычна пачынаўся горад, да легендарнага Бярэсця. Завяршыць будаўніцтва пуцеправода плануюць да канца 2015 года.