У Брэсце з’явіцца новая транспартная развязка

15 Красавіка 2017

Яна дазволіць ліквідаваць чэргі на чыгуначных пераездах, пераразмеркаваць аўтамабільныя патокі і разгрузіць цэнтральныя вуліцы абласнога цэнтра. Адначасова да 2019 года заходні абход злучыць два пункты пропуску - “Варшаўскі мост” і “Казловічы”. Як жа будзе выглядаць новая эстакада? Даведалася Вікторыя Патоня.

Рэзервуары для захавання паліва змянілі прапіску. Нафтабаза з цэнтра пераехала за межы горада. Цяпер на яе месцы будаўнічая пляцоўка. Такім чынам у Брэсце вырашаецца не толькі экалагічная праблема, але і транспартная. Пробкі ў час пік на чыгуначных пераездах для жыхароў горада - з’ява прывычная. Паводле маніторынгу, які правялі спецыялісты Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, 40% транспартнага патоку горада прыпадае менавіта на гэты ўчастак.

Новая развязка заклікана пераразмеркаваць аўтамабільныя патокі, вырашыць праблему чыгуначных пераездаў і злучыць паміж сабой адразу некалькі напрамкаў: два пункты пропуску - «Варшаўскі мост” і “Казловічы”, а таксама аўтадарогі з Украіны на Расію.

Працягласць эстакады складзе амаль 3 кіламетры. Будаўніцтва вядзецца ў жылой забудове. Пад зямлёй шматлікія камунікацыі, таму спачатку іх 100% мяняюць і толькі пасля забіваюць палі.

Для Брэста гэта першая развязка такога маштабу. Будуецца за кошт крэдытных сродкаў Банка развіцця і рэспубліканскага бюджэту. Мантажныя работы вядуцца паралельна з праектаваннем. Самы складаны ўчастак - гэта ўзвядзенне дарожнага кальца над чыгуначнымі пуцямі.

Пры такім спосабе ўзвядзення моста суседнія збудаванні не пашкоджваюцца. Зараз будаўнікі манціруюць арматурныя каркасы, ставяць маналітныя апоры пуцеправода. Тут будзе чатырохпалосны рух. Самым высокім пунктам - з трохпавярховы дом - стане кальцо-развязка.

Спецыялісты абяцаюць, падчас будаўніцтва заходняга абходу перакрываць рух не плануецца.

Праз два гады Брэст адзначыць тысячагоддзе. Да юбілейнай даты і плануецца пусціць першыя машыны па доўгачаканай эстакадзе.