У Брэсце перапахавалі рэшткі вязняў, якія загінулі ў фашысцкім лагеры

13 ноября 2013

Пад Брэстам у пачатку Вялікай Айчыннай вайны існаваў фашысцкі лагер для палонных чырвонаармейцаў. Звестак аб ім амаль не захавалася. Два гады тут вяліся пошукавыя працы, у зямлі знайшлі амаль дзве тысячы рэшткаў вязняў. Па знойдзеных медальёнах удалося даведацца прозвішчы некаторых загінуўшых. На цырымонію перапахавання прыехалі іх сваякі. Падрабязней - Вікторыя Патоня.


Два гады пошукавых прац. І амаль дзве тысячы рэшткаў. Рабочыя, якія пракладвалі тут інжынерныя сеткі, нават не здагадваліся, што пакладуць пачатак маштабным пошукавым працам.


Пэўнай лічбы, колькі ў гэтым нямецкім лагеры загінула палонных чырвонаармейцаў, няма. Па ўспамінах вязняў, якія выжылі, гэтая лічба каля 15 тысяч. Але дакладна вядома, што гэта было самае масавае пахаванне часоў Вялікай Айчыннай вайны ў наваколлях Брэста.


Спецыялісты мяркуюць: загінуўшых вязняў фашысты кідалі ў ямы напаўраспранутымі. У такіх умовах шукаць медальёны або іншыя рэчы, якія дапамаглі б усталяваць асобы загінуўшых, вельмі складана.


Валерый Сіжук, ваенны камісар Брэсцкага аб'яднанага гарадскога ваеннага камісарыята: Ні гузікаў, ні астаткаў абутку, ні рамянёў, як звычайна ў іншых пахаваннях, тут выяўлена не было.


Аляксандр Лугін, вядучы спецыяліст упраўлення па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяраў войнаў Узброеных Сіл Беларусі: Сёлета паднята 949 рэшткаў, выяўлена 8 медальёнаў. У адным медальёне была выяўлена швейная іголка. Два медальёны апынуліся пустыя. І ў трох медальёнах знаходзіліся ўкладышы.


І ўсё ж, на мармуровай пліце ўжо зараз пяць прозвішчаў. На цырымоніі перапахавання - сваякі чырвонаармейца Алістратава Аляксандра Кузьміча. Яны прыехалі з Чарнігава, Данецка, Луганскай вобласці. Сярод іх - сын загінуўшага Уладзімір Алістратаў. Ён застаўся без бацькі ў пяцігадовым узросце. І толькі зараз, праз 72 гады, ён даведаўся, дзе загінуў і пахаваны яго бацька.


Аляксандр Алістратаў, унук загінуўшага чырвонаармейца (г. Чарнігаў, Украіна): Гэта наш доўг перад нашым дзедам, перад нашымі сваякамі, перад воінамі, якія сапраўды абаранілі нашу краіну ад фашысцкага заняволення.


Пошукавыя працы на месцы самага буйнога пахавання ваеннапалонных каля Брэста працягнуцца. А значыць, ёсць надзея: на мемарыяльнай пліце з'явяцца новыя прозвішчы.