У Брэсце адной калоне з ветэранамі, жыхарамі і гасцямі горада прайшоў "Бессмяротны полк"

9 мая 2016

Зразумела, святочныя ўрачыстасці сёння праходзяць не толькі ў Мінску. Шырока адзначаюць 71-ю гадавіну па ўсёй краіне, у кожным абласным і раённым цэнтры. У Брэсце традыцыйна цэнтральнай пляцоўкай святкавання Дня Перамогі стала Брэсцкая крэпасць. Абаронцы цытадэлі ў першы месяц вайны ўстойліва трымалі абарону, хоць сілы з праціўнікам былі няроўныя. Абложаныя, байцы гарнізона не здаваліся да апошняга. І памяць аб іх подзвігу жывая. У мемарыяльны комплекс прыйшлі тысячы людзей, каб аддаць даніну павагі подзвігу савецкага салдата.

Аб тым, як горад над Бугам сустрэў мірны дзень 9 мая, даведаемся ў Вікторыі Патоні.

Свята, якое аб'ядноўвае людзей! Дзень Перамогі ў Брэсце традыцыйна пачаўся з урачыстага шэсця. Ад цэнтра горада ў Брэсцкую крэпасць-герой прайшлі больш як 30 тысяч чалавек.

У адной калоне з ветэранамі, жыхарамі і гасцямі горада прайшоў "Бессмяротны полк". Фатаграфіі з імёнамі тых, хто адваяваў мірнае неба, пранеслі іх сваякі. Абаронцы Брэсцкай крэпасці зноў увайшлі ў цытадэль. Полк памяці аб'яднаў больш як 4 тысячы чалавек.

У памяць аб подзвігу савецкага салдата да Вечнага агню і пліт некропаля леглі жывыя кветкі. Загінуўшых абаронцаў Брэсцкай крэпасці ўшанавалі хвілінай маўчання.

У 71-ы Дзень Перамогі па плошчы цырыманіялаў урачыстым парадам прайшла рота ганаровай варты, кадэты і воіны Брэсцкага гарнізона.

Сустрэць 9 Мая на святой зямлі Брэсцкай крэпасці прыехалі і шматлікія госці з Расіі, Польшчы, Венгрыі, Славакіі і Украіны.

І ўжо ўвечары ў гонар Перамогі ў небе над Брэсцкай крэпасцю прагрымяць 30 залпаў святочнага салюту.