У Брэсце неабыякавыя людзі выратавалi сям'ю з пажару

19 февраля 2018

У Брэсце неабыякавыя людзі арганізавалі сапраўдную аперацыю для выратавання сям'і з пажару. Да прыезду МНС мінакі эвакуіравалі жыхароў катэджа. Сярод тых, хто не разгубіўся, а ўзяў на сябе ролю маленькага ратавальніка і псіхолага, і пяцікласнік Антон Муха. Наша здымачная група даведалася падрабязнасці сумнай гісторыі са шчаслівым канцом.

Гэтая гісторыя адбылася ў мікрараёне Кавалёва ў Брэсце познім вечарам. Загарэўся катэдж, у якім пражывалі дзве сям'і. У момант пажару ў доме знаходзіліся дарослыя і дзеці. Самі гаспадары не заўважылі, што гарыць дах. Застацца ў жывых людзям дапамаглі неабыякавыя мінакі.

Адным з першых пабачыў пажар пяцікласнік Антон Муха. З бацькамі хлопчык вяртаўся дахаты на машыне. Дзіця звярнула ўвагу дарослых, што гарыць двухпавярховы дом у прыватным сектары. Сям'я адразу ж накіравалася да месца надзвычайнага здарэння. Сёння бацька хлопца Андрэй Муха ўспамінае: пра пажар гаспадары нават не здагадваліся. Дах палаў настолькі імкліва, што час ішоў на секунды. Неабыякавыя людзі дапамаглі выратавацца ўсім дзевяці жыхарам катэджа.

Да прыезду пажарнікаў у доме ўжо адключылася электрычнасць і газазабеспячэнне. Дах палаў. На месцы працавалі чатыры пажарныя разлікі. Аператыўныя звесткі пра планіроўку дома паведаміў Валерый Грышчук - пажарнік-ратавальнік, які па шчаслівай выпадковасці праходзіў паблізу. Як дзейнічаць у няштатных сітуацыях, ён ведае на прафесійным узроўні.

Сярод выратаваных пяцёра дзяцей. Малышоў вынеслі з дому ў піжамах, босымі. Васьмігадовую Маю і яе чатырохгадовага брата часова размясцілі ў машыне. І тут пяцікласнік Антон Муха выявіў сябе як сапраўдны псіхолаг.

Пра вялікі ўчынак маленькага чалавека сёння ведае ўся школа - Антон вучыцца ў кадэцкім класе. За сапраўдны подзвіг пяцікласніку падзякаваў галоўны пажарнік-ратавальнік Брэсцкай вобласці Канстанцін Шаршуновіч.

Антон Муха дакладна ведае: калі падрасце, стане ратавальнікам. Сям'я Барысевіч, у тым ліку васьмігадовая Мая, той вечар не забудзе ніколі.

Зараз гаспадары дома занятыя аднаўленнем даху, наперадзе - рамонт абгарэлых пакояў. Папярэдняя версія пажару - парушэнне правіл уладкавання і мантажу цеплагенеруючых прыбораў. Але галоўнае, што ў гэтай гісторыі ўсё ж шчаслівы фінал. Дзякуючы людзям, якія проста не змаглі прайсці міма.