Спартыўныя гульні, шоу-праграмы і дыскатэка - на беразе аднаго з самых вялікіх і прыгожых азёр Беларусі. У Браславе прайшоў трэці міжнародны спартыўна-музычны фестываль. На пляцоўцы пад адкрытым небам сабраліся больш за сем тысяч гасцей.
Сюжэт - Марыны Раманоўскай. Тысячы гасцей міжнароднага музычна-спартыўнага свята сабраліся ў Браславе - на пляжы возера Дрывяты - аднаго з самых вялікіх у Беларусі. У якасці размінкі - спартыўныя гульні: пляжны футбол, валейбол і навінка фестывалю - алімпійскі крос-кантры.
Грандыёзнае свята пад адкрытым небам наладжваюць тут ужо трэці раз. І ўпершыню - на маляўнічым беразе возера. Рыхтаваліся да оўпэн-эйра на працягу года. У выніку пяшчаны пляж ператварылі ў гіганцкую танцпляцоўку, побач з ім - усталявалі мабільную сцэну.
На гэты раз фестываль усталяваў рэкорд. "Віва, Браслаў!" сабраў больш за сем тысяч гасцей. У тым ліку - з суседняй Прыбалтыкі.
Галоўную сцэну фестывалю падзялілі вядомы расійскі дзі-джэй Аляксандр Папоў, галандская зорка транс-музыкі Марк Сіксма і папулярная ўкраінская група "Бумбокс".
Аб прыгажосці Браслаўскіх азёр ведаюць шматлікія. Дзякуючы фестывалю аб іх яшчэ і пачулі. І без таго папулярны курорт стаў зараз месцам сустрэчы аматараў музыкі, спорту і драйва. Менавіта за ім маладыя людзі з усёй краіны праз год зноў прыедуць у самую паўночную кропку Віцебскай вобласці. Арганізатары абяцаюць - у любое надвор'е тут будзе горача!













