У Бараўлянах сёння адкрытая новая кансультатыўна-дыягнастычная анкапаліклініка

28 декабря 2016

Новае абсталяванне, поўная інфарматызацыя і лепшыя кадры. У Бараўлянах сёння адкрытая новая кансультатыўна-дыягнастычная анкапаліклініка. Кансультацыю тут змогуць атрымліваць не толькі жыхары Мінскай вобласці, але і ўсёй краіны. Галоўная задача – выяўляць захворванні на максімальна ранніх стадыях. Антаніна Станкевіч працягне тэму.

Анатоль Зелянкевіч, адзін з найстарэйшых эндаскапістаў РНПЦ анкалогіі, дэманструе магчымасці новага абсталявання на тым, што першае трапіла пад руку. На экране можна разгледзець да дробязяў, як выглядае звычайны мандарын унутры. Таксама і з арганізмам чалавека. Дзякуючы новаму абсталяванню спецыялісты атрымліваюць магчымасць убачыць хваробу на самай ранняй стадыі, а іншы раз яшчэ і да пачатку яе развіцця.

Новую паліклініку чакалі не толькі пацыенты, але і самі ўрачы. Кансультатыўна-дыягнастычная ўстанова працуе на базе РНПЦ анкалогіі даўно. Аднак старая паліклініка была разлічана ўсяго на 200 наведванняў за дзень, а сёння гэтая лічба набліжаецца да 850. Акрамя кансультацый спецыялістаў, тут праводзяць дыягностыку, а таксама некаторыя хірургічныя ўмяшанні.

онкологическая-поликлиника.jpg

Галоўная ж задача медыкаў - выяўляць захворванні як мага раней. Рак на першай стадыі вылечваюць у 95% пацыентаў, другой - у 85% у залежнасці ад марфалогіі пухліны. Аднак чым раней пацыент пройдзе курс тэрапіі, тым больш шансаў цалкам паправіць здароўе.

Першых пацыентаў тут пачнуць прымаць у першыя дні новага года. Да гэтага часу трэба наладзіць інфармацыйную базу. Новая паліклініка пераходзіць на электронныя рэцэпты і лічбавыя амбулаторныя карты. Дарэчы, паводле слоў спецыялістаў, гэта дазволіць скараціць час чакання той жа кансультацыі. Запісвацца на прыём можна ў звычным парадку.