У Бараўлянах пасля мадэрнізацыі адкрылася прыёмнае аддзяленне раённай клінічнай бальніцы

10 мая 2023

У Мінскім раёне асоблівая ўвага надаецца аснашчэнню ўстаноў аховы здароўя. Так, пасля мадэрнізацыі адкрылася прыёмнае аддзяленне раённай клінічнай бальніцы ў Бараўлянах. Сучаснае абсталяванне для дыягностыкі, камфортныя памяшканні - створаны ўсе ўмовы як для пацыентаў, так і для персаналу. З'явіліся і чатыры новыя месцы для цяжкіх хворых. У суседнім корпусе ўладкавалі дзве палаты для ветэранаў вайны і працы. Унутры зручныя ложкі, халадзільнік, тэлевізар. У рэалізацыі клапатлівага праекта дапамагае Беларускі фонд міру.

Рыхтуецца да адкрыцця і корпус па суседстве. Будаўніцтва новай паліклінікі ў Бараўлянах - на фінальным этапе. Разлічана яна на 8 соцень наведванняў за змену. На першым паверсе размесціцца аптэка і памяшканне для водалячэння. Вышэй - аддзяленні дыягностыкі і рэабілітацыі, лабараторыя і стацыянар.