У Барысаве ўсклалі кветкі да мемарыяла ў гонар загінуўшых

8 мая 2018

Напярэдадні 73-й гадавіны Перамогі па ўсёй Мінскай вобласці ўшаноўваюць памяць герояў і загінуўшых. Аддаюць даніну павагі і ветэранам Вялікай Айчыннай. Абласное святкаванне пачалося з Барысава. У горадзе ўжо сёння прайшлі ўрачыстыя мерапрыемствы. Падрабязна - Наталля Кузьміцкая.

Сёння жыхары мірнага і прыгожага Барысава - нашчадкі Вялікай Перамогі - разам з ветэранамі, кіраўніцтвам вобласці ўсклалі кветкі да мемарыяла ў гонар загінуўшых. Падчас хвіліны маўчання аддалі даніну павагі тым, хто мужна змагаўся за радзіму, узгадалі бязвінных ахвяр той страшнай вайны.

Галоўная ўвага сёння тым, каму мы абавязаны за 73-і мірны май. Сярод самых паважаных гасцей - ветэранаў Вялікай Айчыннай - і Томаш Дзятко. Ганаровы жыхар Барысаўскага раёна і чалавек-легенда. У 17 гадоў ён трапіў у дэсантныя войскі, вызваляў Белгарад, Харкаў, Палтаву. Дадому вярнуўся з двума раненнямі, але ніколі не шкадаваў сябе - адправіўся на перадавую пасляваеннай будоўлі, аднаўляў родныя мясціны.

Са слязамі на вачах яны ўспамінаюць часы ваеннага і пасляваеннага ліхалецця. З вялікай радасцю, нават калі часам і падводзіць здароўе, збіраюцца на ўрачыстыя святы ў гонар Вялікай Перамогі. Каб сустрэцца з моладдзю, дзецьмі, баявымі таварышамі і ўспомніць тых, хто не дачакаўся пераможных песень мая.