У Барысаве правядуць "Дажынкі"

10 октября 2019

Жыхароў Барысава і ўсёй Мінскай вобласці  чакае вялікае свята ўраджаю - "Дажынкі".  У горадзе падвядуць вынікі аграрнага сезона, павіншуюць лепшых хлебаробаў.  А вось што чакае гасцей,  раскажа Аляксандра Кавеліч. 

Пышнае цеста хутка ператворыцца ў духмяную выпечку.  У гэтым цэху зараз працуюць з патроенай сілай. Арыгінальныя караваі - абавязкова з мукі  новага ўраджаю - стануць смачным пацверджаннем плённай працы хлебаробаў. 

Да свята ўраджаю зараз рыхтуюцца не толькі пекары і кандытары.  Сталіца фестывалю - горад Барысаў - прыкметна зменьваецца. 

Гэта датычыцца  не толькі добраўпарадкавання гарадскіх двароў і паркаў. Вось-вось першых вучняў прыме новая школа. Тут будуць вывучаць хімію, біялогію, фізіку больш чым 700 вучняў. Яны кожны дзень сочаць за работай будаўнікоў.

Працягваецца і рэканструкцыя магістраляў. Праз Барысаў праходзіць вялікі транспартны паток,   таму абнаўленне пуцеправодаў і мастоў - пытанне не проста гарадскога камфорту. 

Самая актыўная праца - напярэдадні самога хлебнага свята - як ні дзіўна, на спартыўным полі. 

На гэтым стадыёне звычайна шумяць балельшчыкі, назіраючы за футбольнымі матчамі.  Але на гэтых выхадных "Барысаў-Арэна" на час ператворыцца ў вялікую святочную пляцоўку. Ужо пачаўся мантаж сцэны. Тут прагучаць песні і віншаванні пераможцам самога ўраджайнага конкурсу. 

Лепшых вадзіцеляў, механізатараў, ды і ўсіх гасцей,  сустрэнуць і на кірмашы. Там  - майстар-класы па беларускіх танцах і народнай творчасці. А каманды з розных раёнаў Мінскай вобласці раскажуць пра свой родны край.

Падчас шчодрага фестывалю пачастуюць і пышнымі караваямі. Завершыцца свята вялікім канцэртам, ён стане творчым падарункам перад новым аграрным сезонам.