У Бабруйску пачаўся дабрачынны марафон па зборы сродкаў для дзіцячай бальніцы.

17 апреля 2018

У Бабруйску пачалася дабрачынная акцыя па зборы сродкаў для дзіцячай гарадской бальніцы.

Праз медустанову штогод праходзіць каля шасці тысяч юных пацыентаў, але сам будынак знаходзіцца фактычна ў аварыйным стане. Да марафона дабра "Па клічы сэрца ўсім светам" далучаецца і галоўны медыяхолдынг краіны. Ужо заўтра на тэлеканале "Беларусь 2" пройдзе тэлемарафон. Пачнецца акцыя з тэматычнай "Тэлераніцы", і на працягу ўсяго дня ў эфіры канала будуць з'яўляцца вядомыя артысты, спартсмены і медыйныя асобы. Тэлегледачоў таксама чакаюць прамыя ўключэнні з Бабруйска. Завершыцца дзень маштабным дабрачынным канцэртам з удзелам зорак беларускай і расійскай эстрады.

Вы таксама можаце паўдзельнічаць у акцыі, адправіўшы сродкі на рахунак Бабруйскай дзіцячай бальніцы, які зараз на экране.

Па праектна-каштарыснай дакументацыі, на рэканструкцыю дзіцячай бальніцы патрабуецца восем мільёнаў 156 тысяч рублёў. Патрэбна замена ўсіх інжынерных сетак і змена плошчаў. Акрамя капітальнага рамонту, таксама патрабуюцца новае медабсталяванне для эндаскапічных даследаванняў і УГД-дыягностыкі, стэрылізацыйная апаратура, сучасны рэанімабіль.