У найбліжэйшыя суткі ў краіне чакаецца галалёдзіца і туман

29 ноября 2019
Вельмі пераменлівае надвор'е, моцны туман і галалёдзіца. Усе гэтыя капрызы прыроды апошніх дзён лістапада ўнеслі істотныя карэкціроўкі ў звыклы рытм жыцця па ўсёй краіне. Напярэдадні быў аб'яўлены аранжавы ўзровень небяспекі.

У Мінску тратуары літаральна за некалькі гадзін пакрыліся лёдам. Больш як 400 чалавек за апошнія суткі атрымалі галалёдныя траўмы, больш за 100 з іх шпіталяваныя, паведамілі ў Міністэрстве аховы здароўя. Нягледзячы на невялікую адлігу сёння, характар надвор'я захаваўся. Гэта паўплывала і на траўматызм. 

У асноўным гэта траўмы канечнасцяў: пераломы перадплечча падчас падзення на руку, пераломы ніжніх канечнасцяў, галенастоп, суставы, шыйка сцягна. У асноўным звярталіся ў гэтыя суткі асобы пажылога ўзросту.

Значна павялічыўся і лік аварый - амаль 400 сутыкненняў. У 9-ці ДТЗ пацярпелі людзі, адзін чалавек загінуў.


Таксама дарожная міліцыя заклікае вадзіцеляў інфармаваць адпаведныя службы аб стане дарог, каб усім хутка рэагаваць на сітуацыю і не дапусціць здарэнняў.

З 1 снежня зімовая гума на аўто абавязковая


Ужо з 1 снежня ў Беларусі аўтамабілі павінны быць укамплектаваныя зімовымі шынамі. Гэта датычыцца легкавога і грузапасажырскага транспарту, а таксама аўтобусаў масай да 5 тон. У ДАІ нагадваюць, што да непамятлівых вадзіцеляў будуць выкарыстоўваць штрафныя санкцыі - на першы раз гэта папярэджанне або ледзь больш як 12 рублёў. Паўторнае парушэнне можа каштаваць больш за 120.