Зараз ва ўсіх ахвотнікаў ёсць магчымасць ператварыць сваё хобі ў стартап, а далей і ў малы бізнес

15 ноября 2018

Беларусь і Польшча актывізуюць супрацоўніцтва ў дзелавой сферы на ўзроўні рэгіёнаў. Сёння ў бізнес-інкубатары ў Калодзішчах падвялі вынікі праекта "Акадэмія прадпрымальніцтва ў сельскай мясцовасці" і конкурсу "Тутэйшая гаспадарка". Як адзначылі спецыялісты, зараз ва ўсіх ахвотнікаў ёсць магчымасць ператварыць сваё хобі ў стартап, а далей і ў малы бізнес. Напрыклад, у Мінскім раёне многія жанчыны асвойваюць азы рамёстваў швачкі і краўца. У гэтым ім дапамагаюць спецыялісты з польскага горада Беласток.
Анджэй Парафінюк, кіраўнік Падляскага фонду рэгіянальнага развіцця (Беласток, Польшча): "Наогул мы не робім стаўку на пэўныя віды дзейнасці. Наша асноўная задача - развіваць прадпрымальніцкае мысленне. І зараз мы сканцэнтраваліся на рамёствах для таго, каб вярнуць у эканамічнае асяроддзе гэтыя старыя традыцыйныя віды дзейнасці, дзе як у беларусаў, так і ў палякаў шмат цікавага і карыснага".
Марына Найдовіч, дырэктар дырэкцыі Інкубатара малога прадпрымальніцтва:

"Літаральна адну базавую велічыню заплаціўшы за год, кожны грамадзянін Беларусі можа займацца рамеснай дзейнасцю, сваёй працай ствараць прадукцыю і яе прадаваць. Нашы выпускніцы, тыя, хто прайшоў навучанне на курсах, а гэта 76 жанчын, у іх ёсць магчымасць выкарыстоўваць інтэрнэт-платформу "Робім разам" - гэта бясплатная вітрына, дзе яны могуць размяшчаць інфармацыю пра свае вырабы і пра сябе".

Сёння на базе інкубатара малога прадпрымальніцтва ў Калодзішчах працуе і тэхнапарк. Сярод новых кампаній-рэзідэнтаў таксама і медыцынскі цэнтр.