У БДУ пачалі вырабляць першы ў свеце гідрагелевы прэпарат для лячэння пацыентаў з ракам мозгу

11 февраля 2020
Пра навінку ад беларускіх навукоўцаў. У БДУ пачалі вырабляць першы ў свеце гідрагелевы прэпарат для лячэння пацыентаў з ракам мозгу. "Тэмадэкс" уводзяць пацыенту ў галаўны мозг  прама падчас аперацыі па выдаленні злаякаснай пухліны. Субстанцыя застаецца ўнутры і дзейнічае яшчэ доўга пасля ўмяшання. Яна выдаляе суседнія мікрапухліны, якія могуць выклікаць рэцыдыў. Дагэтуль такія распрацоўкі былі толькі ў амерыканскіх навукоўцаў. Пра першыя вынікі на практыцы  раскажа Юлія Грызунт.

Як і любы рак, гліёму галаўнога мозгу складана распазнаць на ранняй стадыі

Аняменне рук і ног, галаўны боль, парушэнне каардынацыі. Такіх пацыентаў прывозяць з падазрэннем на інсульт. Як і любы рак,  гліёму галаўнога мозгу складана распазнаць на ранняй стадыі. А пацыенты на позняй стадыі лічацца безнадзейнымі. 7 гадоў таму беларускія нейрахірургі паставілі навукоўцам задачу жыццёвай важнасці: вынайсці лекі, якія падоўжаць жыццё іх пацыентам. Навукоўцам з БДУ гэта ўдалося. 

"Цысплацэл" уяўляе сабой "сурвэтку", якую пакідаюць у мозгу пацыента пасля таго, як выдаляюць злаякасную пухліну

З часам ён забівае суседнія мікрапухліны, якія немагчыма загадзя знайсці і выразаць. Але і на гэтым прэпараце навукоўцы не спыніліся. Яны мадыфікавалі "Цысплацэл" і распрацавалі прэпарат "Тэмадэкс". Ён паражае ўтварэнні ў радыусе сантыметра вакол ракавай пухліны. 
У свеце ёсць толькі адзін аналагічны прэпарат. Яго вырабляюць у Амерыцы. Цана за адну ўпакоўку - 18 тысяч долараў.

Наш "Тэмадэкс" нічым не саступае па якасці, а каштуе ў 40 разоў танней.

Дарэчы, у 2016 годзе лекі выраблялі спецыялісты Белмедпрэпаратаў. Зараз лінію для выпуску "Тэмадэксу" запусцілі ў БДУ. Гэта значыць ВНУ самастойна стварае,  мадэрнізуе і вырабляе. 
На гэтым прадпрыемстве Беларускага дзяржуніверсітэта зараз вырабляюць два супрацьпухлінныя прэпараты. Таксама тут ужо выпусцілі пробную серыю трэціх лекаў, яны будуць змагацца са злаякаснымі пухлінамі ў страўніку.
Такі міні-завод на базе ўніверсітэта дае маладым навукоўцам унікальную магчымасць  прымяняць свае веды на практыцы рэспубліканскага значэння.

Замежныя медыкі літаральна ўстаюць у чаргу, каб набыць унікальныя лекі

Супрацьпухлінны прэпарат  толькі  нядаўна з’явіўся ў  беларускіх клініках, але ўжо сёння замежныя медыкі літаральна ўстаюць у чаргу, каб набыць унікальныя лекі. Ну а беларускія навукоўцы ўжо працуюць над аналагічнымі прэпаратамі для лячэння іншых відаў анкалогіі.