У БДУ дыпломы атрымалі 450 маладых спецыялістаў з Кітая, Карэі, Грэцыі, Туркменістана

27 июня 2018

"Бывай" на васямнаццаці мовах прагучала падчас выпускнога балю для замежных студэнтаў БДУ. Сёлета дыпломы атрымалі 450 маладых спецыялістаў з Кітая, Карэі, Грэцыі, Туркменістана, сярод якіх таксама магістранты і аспіранты. Павіншаваць выпускнікоў са знакавай падзеяй прыехалі і іх бацькі. Пасля атрымання дыплома маладыя людзі вернуцца на радзіму працаваць эканамістамі, юрыстамі, журналістамі. Гады навучання ў Беларусі для замежных студэнтаў сталі, безумоўна, незабыўнымі, тут яны атрымалі не толькі адукацыю, а і набылі новых сяброў. Фотаздымак на памяць - абавязковая традыцыя выпускнога.

Андрэй Кароль, рэктар БДУ: "Найбольшая колькасць студэнтаў, якія скончылі БДУ, у нас навучаліся на эканамічным факультэце, на факультэце міжнародных адносін, філалагічным, факультэце журналістыкі. Захавайце любоў да сваёй альма-матар на працягу ўсяго жыцця, майце магчымасць вярнуцца да сваіх вытокаў".

Сёння ў БДУ навучаюцца каля 2 з паловай тысяч студэнтаў з 50 краін свету.