У Бешанковіцкім раёне захоўваюць старажытнае рамяство па валенні валёнак

11 ноября 2016

Куды больш стваральны промысел культывуюць у Бешанковіцкім раёне. Там захоўваюць старажытнае рамяство па валенні валёнак. Невялікая вёска Азёркі вядомая тым, што майстэрствам вырабу зімовага абутку з натуральнай воўны тут валодаюць практычна ўсе. Тэхналогія перадавалася з пакалення ў пакаленне. Як і шмат гадоў таму, валёнкі робяць выключна ўручную. А зараз попыт на цёплы абутак вырас як ніколі. Марына Раманоўская ацаніла новую зімовую калекцыю.

Жыхарка вёскі Азёркі Валянціна Дашкевіч упэўненая: зімой абутак з натуральнай воўны па-за канкурэнцыяй. Рамяству навучылася яшчэ ў маладосці. І зараз на майстар-клас да вопытнага шапавала прыходзяць з усёй акругі.

Майстэрствам валення ў гэтай мясцовасці валодае амаль кожны. Так павялося спрадвеку. Тэхналогія вытворчасці - традыцыйная. Перадавалася з пакалення ў пакаленне. Як і шмат гадоў таму, усё робяць уручную. Таму, кажуць майстры, такія валёнкі не знасіць нават за некалькі сезонаў.

Каб валёнкі атрымаліся не толькі цёплымі, але і прыгожымі, майстру трэба адказна падысці да падрыхтоўкі воўны. Вымыць, вычасаць і добра прасушыць. І толькі пасля гэтага можна пачынаць сам працэс валення. Дарэчы, справа - не з лёгкіх. Таму здаўна гэтым рамяством займаліся звычайна мужчыны.

Ігар Місевіч - шапавал у чацвёртым пакаленні. Сваю першую пару валёнак вырабіў больш за 20 гадоў таму. Зараз над новай зімовай калекцыяй працуе разам з жонкай. Сумесны рэкорд - дзесяць пар за тыдзень.

Валёнкі ручной работы, расказваюць шапавалы з Азёрак, карыстаюцца попытам нават за мяжой. Ёсць і пастаянныя пакупнікі са спецзаказам 47 памеру. Пад такую пару майстар спецыяльна вырабіў драўляныя калодкі.

Валёнкі ўжо хіт продажу, бо сіноптыкі прагназуюць марозную і снежную зіму. Мясцовыя жыхары жартуюць, што жывуць побач з сапраўднымі дызайнерамі. І кожны вечар ладзяць дэфіле аўтарскага абутку.