У Бешанковічах завяршаецца мантаж пантоннага моста праз Заходнюю Дзвіну

16 апреля 2019
Ужо дазволены рух пешаходаў. Калі дазволіць узровень вады ў рацэ, пусцяць і аўтамабілі. Гістарычна склалася, што Заходняя Дзвіна дзеліць райцэнтр на дзве часткі. Стацыянарны мост - за некалькі дзясяткаў кіламетраў, таму пантон -  хоць і часовае, але рашэнне найскладанейшай для мясцовых жыхароў праблемы. Больш за дзесяць гадоў яго ўзводзяць вайскоўцы транспартных войскаў Беларусі. Дзейнічае такая пераправа з сярэдзіны вясны да глыбокай восені. Наш карэспандэнт Вольга Маслоўская адной з першых у гэтым сезоне прайшлася па надводнай канструкцыі.

Тэма ўроку геаграфіі ў 8-м "А" - рэкі Беларусі. Галоўная водная артэрыя поўначы краіны і на карце, і проста за акном. Бешанковічы - адзін з райцэнтраў, што знаходзяцца на Заходняй Дзвіне. 

Уся гісторыя Бешанковіч звязаная з ракой. Лічыцца, што тут праходзіў гандлёвы шлях "з варагаў у грэкі". А ў XVII стагоддзі менавіта ў Бешанковічах была пабудаваная найбуйнейшая на Заходняй Дзвіне прыстань. Два разы на год тут праходзілі вялікія кірмашы, якія збіралі некалькі тысяч чалавек. 

Але сёння не тое што на кірмаш - у просты магазін патрапіць для жыхароў трох вуліц на правым беразе Дзвіны праблема. Тут, на "малой зямлі", прыватны сектар, дзе жывуць 80 чалавек. А раённыя службы, аптэкі, бальніца і банкі - на іншым беразе ракі. Нібыта блізка, але як перабрацца праз Дзвіну, калі стацыянарнага моста няма, а ў аб'езд - крук на сотню кіламетраў?

Валянціна Сергіенка на гэты бераг Дзвіны пераехала больш за трыццаць гадоў таму - замуж выйшла. Перш за ўсё навучылася кіраваць лодкай. Жартуе: калі працавала, раку фарсіравала два разы на дзень. Але сёння пажылым людзям - а большасць насельніцтва правабярэжных вуліц  - пенсіянеры, самім пераправу не здужаць. 

Больш  за дзесяць гадоў запар вайскоўцы робяць жыхарам райцэнтра вялікі падарунак: узводзяць на Дзвіне пантонны мост. І гэтая вясна выключэннем не стала. 20 вайскоўцаў 30-й асобнай чыгуначнай брыгады транспартных войскаў Беларусі за некалькі дзён збудавалі наплаўную канструкцыю. 

Па мосце ўжо адкрыўся пешаходны рух. Калі дазволіць узровень вады ў рацэ, пусцяць аўтамабілі. Канструкцыя застанецца на вадзе да глыбокай восені. Лодка мясцовага ЖКГ, якая ў міжсезонне адзіны сродак пераправы, пакуль прышвартаваная ля берага.  

А пакуль школьнікі імкнуцца не прапусціць важны момант у жыцці маленькага мястэчка і вялікай ракі. Пасля ўрокаў ідуць паглядзець, як мост злучае берагі і збліжае людзей.