У Бярэзінскім раёне нарыхтавалі 300 кг мёду

25 июня 2020
Пчаляры Мінскай вобласці пачалі збор першага мёду. Напрыклад, у Бярэзінскім раёне ўжо нарыхтавалі 300 кілаграмаў. З-за доўгай вясны і дастаткова нізкіх тэмператур майскага нектару сёлета, па словах спецыялістаў, будзе менш чым звычайна. Добрага ўраджаю чакаюць ад другога медазбору. На пчальніку пабываў Ілья Цвяткоў.

Для Уладзіміра Раманенкі здабыча першага ў сезоне салодкага бурштыну  заўсёды падзея асаблівая. Пчаляр са стажам займаецца развядзеннем руплівых насякомых больш за дваццаць гадоў. З цягам часу хобі ператварылася ў прафесію. 

Ураджай майскага мёду сёлета будзе не такім багатым, як звычайна. Надвор'е не спрыяла. Пчаляры разлічваюць на другі медазбор. 

Пакуль вуллі знаходзяцца на лясных дзялянках,  сюды пчол прывозяць з пчальніка, дзе насякомыя праводзяць большую частку часу на працягу года. Тут жа ідзе і адпампоўванне мёду. За дзень некалькі дзясяткаў кілаграмаў. 

З адной такой рамкі атрымаць можна прыкладна 2 кг чыстага прадукту. Усяго ў медагонку ўваходзіць восем такіх магазінаў. Але тут галоўнае - правільна падабраць праграму і хуткасці працы аппарата, каб не згубіць мёд і не зламаць рамкі.

Зараз пчолы збіраюць лясны нектар  з суквеццяў маліны, ажыны і крушыны. Крыху пазней  заквітнеюць і іншыя меданосы -  такія, як белая канюшына. 

За першыя дні сабраць атрымалася больш як 300 кілаграмаў мёду. Усяго ў Бярэзінскім раёне гэтым летам плануюць нарыхтаваць больш за 2 тоны карыснага ласунку.