У Бярэзінскім раёне прайшла "Экстранная эстафета"

24 апреля 2018

Лепш прадбачыць, чым ліквідаваць. У Бярэзінскім раёне правяраюць гатоўнасць усіх службаў да надзвычайных сітуацый. У комплексных вучэннях задзейнічаны ратавальнікі, міліцыя, медыкі, дарожныя службы - усяго 33 арганізацыі. На працягу трох дзён яны будуць адпрацоўваць пазаштатныя здарэнні ў тэорыі і на практыцы. Сцэнарыі розныя: ад абвалу моста да ўцечкі газу. Мая калега Юлія Токар адправілася на вучэнні.

З-за ўрагану моцны вецер не пашкадаваў дрэвы і некалькі паваліў на дарогу. У выніку - затор і ДТЗ з удзелам школьнага аўтобуса, які амаль не перакуліўся ў кювеце. Ёсць пацярпелыя. Па такім сцэнарыі распачаліся вучэнні.

Каб не здарылася ўзгаранне аўтобуса, вакол найперш ствараюць пенную падушку бяспекі. Пакуль медыкі аказваюць дапамогу, ратавальнікі ліквідуюць наступствы стыхіі.

У такім надзвычайным выпадку толькі зладжаная работа падраздзяленняў усіх спецслужбаў будзе паспяховай.

У кампрэсарнай на заводзе адбылася аварыя з выкідам аміяку. Хімічнае рэчыва вельмі небяспечнае, таму лік ідзе на хвіліны.

На тэрыторыі Мінскай вобласці такіх хімічна небяспечных аб'ектаў два дзясяткі. Таму лепш прадбачыць сітуацыю і аператыўна зрэагаваць, чым ліквідоўваць у рэальнасці.

Такія маштабныя комплексныя вучэнні ў кожным раёне ладзяцца раз на сем гадоў. Задзейнічаюць ратавальнікаў, міліцыю, медыкаў, дарожнікаў - усе падраздзяленні спецслужбаў. Яшчэ два дні ў Бярэзінскім раёне яны будуць адпрацоўваць пазаштатныя здарэнні: абвал моста і ўцечку газу. А ў чэрвені "Экстранную эстафету" прыме Жодзіна.