У Белтэлерадыёкампаніі адбылася сустрэча старшыняў двух найбуйнейшых медыяхолдынгаў Беларусі і Кыргызстана

10 июля 2018

Кыргызстан зацікаўлены ў развіцці адносін з Беларуссю на ўсіх узроўнях, у тым ліку ў медыясферы. Сёння адбылася сустрэча старшыняў двух найбуйнейшых медыяхолдынгаў абедзвюх краін. Падчас перамоў абмяркоўваліся тэхнічныя магчымасці тэлецэнтраў, перспектывы стажыроўкі спецыялістаў. Асаблівую цікавасць у кыргызскіх калег выклікаюць маючыя адбыцца Еўрапейскія гульні, якія ў 2019 годзе будзе прымаць Беларусь. І галоўная тэлерадыёвяшчальная карпарацыя Кыргызстана зацікаўленая ў набыцці правоў на трансляцыі. Абмяркоўваліся таксама магчымасці абмену відэакантэнтам.

Іван Эйсмант, Старшыня Белтэлерадыёкампаніі: 

"Вялікая цікавасць да любых відэаматэрыялаў, якія распавядаюць пра нашу краіну, да відэаролікаў, да дакументальных фільмаў, да спецыяльных рэпартажаў, і ўсё гэта ў нас ёсць, і ў найбліжэйшы час, я думаю, мы перададзім кыргызскаму боку для таго, каб яны паказалі там у сябе на тэлеканалах. Ну, а мы, адпаведна, атрымаем ад кыргызскага боку матэрыялы пра іх краіну, і я думаю, што ўвогуле гэта будзе не толькі важна з нейкага ідэалагічнага пункта погляду, але гэта паспрыяе, па-першае, развіццю турызму".

Ілім Карыпбекаў, Генеральны дырэктар Грамадскай тэлерадыёкарпарацыі Кыргызстана: 

"Вучыцца адзін у аднаго. Таму што я бачу, што ў нашых супрацоўнікаў ёсць шмат чаму навучыцца ў вас, і ў той жа час наша тэлерадыёкарпарацыя можа падаць шмат цікавага і новага ў выглядзе вопыту для вашых супрацоўнікаў. Хачу падзякаваць і кіраўніцтву вашага канала, і кіраўніцтву ў цэлым краіны за той уклад, які робіцца ў беларускую тэлерадыёкарпарацыю".

У верасні гэтага года ў маляўнічым кутку Кыргызстана ля возера Ісык-Куль адбудзецца пасяджэнне Савета кіраўнікоў тэлерадыёарганізацый дзяржаў - удзельніц СНД, у складзе якога і Белтэлерадыёкампанія. Таксама турыстаў і спартсменаў Беларусі нашы замежныя калегі запрасілі да ўдзелу ў ІІІ Сусветных гульнях качэўнікаў. Пра гэта ў эксклюзіўным інтэрв'ю Агенцтву тэленавін паведаміла намеснік міністра культуры, інфармацыі і турызму Кыргызскай Рэспублікі.

Айнура Тэмірбекава, намміністра культуры, інфармацыі і турызму Кыргызстана: 

"Мы спадзяемся ўбачыць беларускіх удзельнікаў на нашых выдатных мерапрыемствах. І мы чакаем сустрэчы з кіраўнікамі вашых Міністэрства інфармацыі, Міністэрства культуры, спадзяемся развіць узаемадзеянне і, вядома ж, у першую чаргу запрасіць спартыўную дэлегацыю для ўдзелу ў спартыўных мерапрыемствах, творчую дэлегацыю для ўдзелу ў этнакультурным фестывалі "Сусвет качэўнікаў".

У Кыргызстане добра знаёмыя і з нашым Міжнародным фестывалем мастацтваў "Славянскі базар". Ужо традыцыйна сяброўская краіна вылучае свайго ўдзельніка на конкурс выканаўцаў эстраднай песні. А ў гэтым сезоне госці вырашылі асабіста папрысутнічаць на ўрачыстай цырымоніі адкрыцця, якая адбудзецца 12 ліпеня.