Сярэднявечны побыт узнаўляюць у Белавежскай пушчы

19 февраля 2020
Сярэднявечны хлеб пачнуць выпякаць у Белавежскай пушчы. У запаведніку ўзновяць побыт нашых далёкіх продкаў. Там будуюць новую чаргу археалагічнага музея пад адкрытым небам. 

Акрамя пякарні, з'явяцца кузня, жыллё і нават гароды. А жыхароў старажытнага гарадзішча сыграюць акцёры. Комплекс будуюць па старажытных тэхналогіях. Першай там пабывала наша здымачная група. 

На гэтай будпляцоўцы працуюць максімальна прымітыўна. З матэрыялаў - гліна, мох, бярвенне і трыснёг. Менавіта так будавалі людзі эпохі ранняга Сярэднявечча. Бярвеністае жыллё ўзводзяць на месцы старажытнага гарадзішча. Як менавіта будаваць - падказалі прадметы, знойдзеныя падчас археалагічных раскопак.

Сяргей Крук, інжынер будаўнічай арганізацыі: "Дах на дадзеным будынку зроблены з трыснёгу, з абмазкай глінай для лепшай гідраізаляцыі. Усё, як у даўнину. І гліна прадухіляла ўзгаранне. Яна з'яўлялася ўніверсальным матэрыялам, які можна было здабыць практычна ўсюды".

Інтэр'ер таксама аўтэнтычны ў кожнай дэталі. У раннім Сярэднявеччы металічныя цвікі ўжо з'явіліся, але былі вельмі дарагім матэрыялам. Таму іх замянялі на бюджэтныя - драўляныя. А вялікія бэлькі змацоўвалі паміж сабою трывалымі хваёвымі каранямі. На пляцоўцы будаўнікі працуюць у звязку з навукоўцамі.

Руслан Кніга, загадчык археалагічнага музея пад адкрытым небам: "Зыходзячы з археалагічных даных і знаходак керамікі, на якіх былі намаляваныя розныя арнаменты, мы гэтыя ўзоры наносім вохрай на элементы ўнутранага памяшкання".

Аналагічны комплекс знаходзіцца за сотню метраў: гэта першы ў Беларусі археалагічны музей пад адкрытым небам. Аб'ект адкрылі летась, і ён адлюстроўвае культуру і побыт іншага перыяду - Бронзавага стагоддзя.

Паводле слоў супрацоўнікаў нацпарку, у новым праекце будзе яшчэ больш інтэрактыву. 

Вось у такім доме жылі нашы продкі паўтары тысячы гадоў таму. Усяго ў новым музеі ўзвялі восем жылых і дзесяць гаспадарчых пабудоў. Ёсць кузня і пякарня, у якой будуць выпякаць хлеб па старажытных тэхналогіях. Паспытаць яго змогуць усе ахвочыя.

У найбліжэйшы час у музеі-скансене з'явяцца яшчэ 16 будынкаў. У некаторых з іх у вітрынах выставяць экспанаты з раскопак. І акрамя турыстаў, сюды будуць вадзіць студэнтаў гістарычных факультэтаў. 

Новы музей ажыве ў маі: у хлявы паселяць хатнюю буйную рагатую жывёлу, а яшчэ разаб'юць гароды. Папрацаваць у сярэднявечнай гаспадарцы прапануюць і турыстам.