У Белавежскай пушчы будуецца першы ў краіне археалагічны музей пад адкрытым небам

25 мая 2018

Зараз узводзіцца гарадзішча. Тут турысты ўбачаць, як жылі нашы продкі ў канцы бронзавага пачатку жалезнага стагоддзяў. У комплексе можна будзе выпрабаваць старажытныя промыслы.

Вікторыя Патоня даведалася, калі скансен прыме першых наведвальнікаў? Другі год каля ракі Лясная, недалёка ад цэнтральнага ўваходу ў Нацыянальны парк, узводзіцца цалкам незвычайны для Беларусі комплекс. Гэта першы ў краіне археалагічны музей пад адкрытым небам. Узнаўленне старажытнага паселішча дасць магчымасць наведвальнікам акунуцца ў культуру і побыт людзей, якія жылі на тэрыторыі Беларусі 2,5 тысячы гадоў назад.

Руслан Кніга, навуковы супрацоўнік НП "Белавежская пушча": "Вядома, што ў мілагародцаў, старажытных жыхароў Беларусі, былі скляпы і гаспадарчыя пабудовы. Вось у тым ліку, мы вырашылі аднавіць такі выдатны склеп, плецены, рублены, накрыты трыснягом".

У аснове кампазіцыі скансена - сем частак, якія будуць адлюстроўваць розныя эпохі: ад мезаліту да сярэднявечча. Зараз узводзіцца гарадзішча бронзавага - жалезнага стагоддзяў. Ды і сам комплекс размешчаны на месцы старажытных стаянак, навукоўцы выявілі тут іх больш за 50. Артэфакты, знойдзеныя падчас археалагічных экспедыцый, таксама ўвойдуць у экспазіцыю музея пад адкрытым небам.

Жыллё і гаспадарчыя пабудовы гарадзішча ўзводзяцца з пушчанскай драўніны. І максімальна адпавядаюць выяве старажытных. Па цэнтры размесціцца паганскія капішчы.

Самая высокая пабудова музея - вартаўнічая вежа. Раней такія ўзводзілі на ўездзе ў гарадзішча для абароны і назірання. А трапіць сюды можна праз высокія ўязныя вароты. Яны, дарэчы, зробленыя паводле старажытнай тэхналогіі, з дапамогай сякеры і без адзінага цвіка.

У руках будаўнікоў - лапаты, сякеры і цесакі. Усе працы выконваюцца ўручную, каб захаваць гістарычную дакладнасць. Дрэва і чарот насычаюцца спецыяльным складам, каб пабудовы вытрымалі выпрабаванне надвор'ем.

Сяргей Крук, цясляр прадпрыемства "Брэстрэстаўрацыя": "Для ўздыму наверх рабілі спецыяльныя рыштаванні, каб зацягнуць бярвенне рукамі наверх. Маса кожнага бервяна больш за 100 кг. І 8-10 чалавек уздымалі бярвенне, вяроўкі. Як і раней".

Музей прыме першых наведвальнікаў ужо сёлета. Плануецца, што сам скансен будзе прывабны не толькі для турыстаў, але і стане цікавай пляцоўкай для студэнтаў-гісторыкаў і рэканструктарскіх клубаў.