У Белавежскай пушчы сёння сапраўднае свята

5 декабря 2015

У Белавежскую пушчу пасля працяглага расстання з Паўночнага полюса да Дзеда Мароза сёння вярнуліся Снягурка і матухна-зіма. Сёння ў адным з самых старажытных лясоў краіны сапраўднае свята - карагоды, песні, танцы. Такім чынам казачныя персанажы далі афіцыйны старт пераднавагодняй кампаніі. І нягледзячы на адсутнасць снежнага покрыва, набліжэнне свята адчуваецца не толькі ў Белавежскай пушчы, але і ва ўсіх гарадах і пасёлках. Пераднавагоднюю атмасферу адчуў і Аляксандр Харавец.

Гэтай сустрэчы галоўны чараўнік Белавежскай пушчы чакаў амаль год. Перад прыездам Снягуркі і матухны-зімы з Паўночнага полюса Дзед Мароз нават змяніў свой восеньскі кафтан на зімовы, больш святочны.

Сёння ў Белавежскай пушчы сапраўднае свята. Уз'яднанню сям'і радуюцца не толькі казачныя персанажы, але і наведвальнікі. Павадзіць карагоды, загадаць жаданне і проста ад душы павесяліцца прыехалі амаль 2 тысячы турыстаў з усіх куткоў краіны і блізкага замежжа.

А ў Гродне Дзед Мароз і Снягурка адзначаюць уваходзіны. Казачныя персанажы з камфортам размясціліся ў новым маёнтку. Акрамя таго, у сядзібе ўладкавалі і спецыяльныя кладоўкі для захоўвання падарункаў. А таксама падрыхтавалі транспарт для афіцыйных выездаў - карэту з конямі.

Найбліжэйшыя два тыдні Дзед Мароз і Снягурка будуць прыводзіць у парадак новыя тэрыторыі, прыбіраць елку і ўпакоўваць падарункі. Першы выезд з маёнтка прызначаны на 18 снежня - у гэты дзень Гродна заззяе навагодняй ілюмінацыяй.

Галоўнае навагодняе дрэва краіны запаляць 15 снежня. Вышыня ёлкі 34 метры. Заззяе яна 7 тысячамі рознакаляровыхх агнёў. Упершыню на ёлцы з'явіцца і бягучы радок, дзе размесцяць навагоднія віншаванні. Акрамя таго, на плошчы ўжо ўсталявалі 2 вялікія святлодыёдныя шары і 16 меншага памеру.

Зрэшты, ужо сёння адчуваецца набліжэнне свята. Навагодняя ілюмінацыя ззяе ля ўсіх буйных гандлёвых цэнтраў, а таксама ў вітрынах магазінаў. Масава ўпрыгожваць елкі ў сваіх дамах беларусы змогуць з 21 снежня. У гэты дзень пачнуць працаваць елачныя кірмашы. Сёлета лясгасы вобласці нарыхтуюць амаль 270 тысяч навагодніх дрэў.