У Белавежскай Пушчы пералічылі зуброў

22 февраля 2014

Іх перапіс вядзецца таксама, каб ведаць узрост і пол жывёл.


Колькі волатаў жыве ў Белавежскай Пушчы, ведае Вікторыя Патоня. Рабочы дзень зубраведа Алескея Буневіча пачынаецца яшчэ да ўзыходу сонца. Вядома, такі распарадак усяго на некалькі тыдняў, калі вядзецца перапіс пушчанскіх буйвалаў. Найбольш зручна зуброў лічыць зімой. Корм пад снегам, зверу не хапае травы і галінак. Статкі ідуць на кармавыя паляны або бліжэй да спецыяльна абсталяваных кармушак.


Назіранне за зубрамі вядзецца з вышак. Палічыць звера трэба не проста па галовах, а адрозніць па поле і ўзросце, вызначыць хворых і тых, што нядаўна нарадзіліся.


Зуброў у Белавежскай Пушчы падзялілі на пяць груп па тэрытарыяльным прынцыпе. Больш за ўсё буйвалаў у цэнтральнай частцы запаведнага лесу.


Каб не перашчыраваць з падкормам, на свірнавых дзвярах інструкцыя. Для цялят - адмысловае меню ў асобных дамах.


На ўтрыманне зуброў штогод нацыянальны парк траціць каля 2 млрд рублёў. У Белавежскай Пушчы зубры жылі заўсёды. Аднак у гісторыі волата ёсць і сумная старонка. На пачатку ХХ стагоддзя лесніком была забіта апошняя зубрыца. У той час у тутэйшых лясах браканьерства было распаўсюджана. З тых часоў пушчанскія буйвалы - жывёлы, занесеныя ў Чырвоную кнігу. Каб аднавіць іх колькасць, спатрэбілася шмат часу, была праведзена каласальная работа. Іх шукалі па ўсёй Еўропе: у прыватных калекцыях, у гадавальніках. Сёння ж папуляцыя белавежскага зубра адна з самых буйных у свеце.


Паводле самых свежых звестак перапісу, зараз у пушчы жыве 460 зуброў, 46 з іх - цяляты. Гэта больш, чым можа пракарміць старажытны лес. На думку навукоўцаў, аптымальная колькасць - каля 350 асобін. Зрэшты, ужо сёлета павінен запрацаваць сумесны беларуска-расійскі праект па рэгуляцыі колькасці волатаў. Так званая дарожная карта для зубра. У планах перасяліць частку папуляцыі белавежскіх зуброў у лясы Расіі, каб палепшыць генафонд жывёл.