У Беластоку адбыўся найбуйнейшы фестываль беларускай песні

21 Лютага 2020
Дзень роднай мовы сёння адзначаюць і беларусы, якія жывуць па-за межамі Бацькаўшчыны. У Беластоку адбыўся найбуйнейшы фестываль беларускай песні. На яго з'ехаліся польскія выканаўцы, якія спяваюць на беларускай мове. Канцэрт прайшоў у оперным тэатры. Як гучыць родная мова за мяжой - паслухала Марыя Тройніч.

 На беларускай мове польская спявачка Ізабэла Карчэўская спявае амаль без акцэнту. Аранжыроўку на гэтую кампазіцыю дзяўчына зрабіла сама. Кажа, твор спадабаўся сваёй мілагучнасцю. Цяжкасцей з вымаўленнем не было: Ізабэла жыве ў польскім горадзе Гайнаўка - там, дзе беларуская  лічацца другой роднай мовай. 

Фестываль беларускай песні праходзіць у Польшчы  дваццаць сёмы раз. І ўжо стаў культурнай традыцыяй Беластоцкага рэгіёна. Удзел у гала-канцэрце прымаюць лепшыя польскія калектывы, у рэпертуары якіх абавязкова беларускамоўныя творы. 

Удзельнічалі ў фестывалі і беларускія калектывы: выступалі на канцэрце ў якасці гасцей. Сярод іх  ансамбль Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі «Бяседа».  Усяго на сцэне Падляшскага опернага тэатра выступілі каля трыццаці калектываў. Фестываль беларускай песні сабраў поўную залу. 

Толькі сёння на Беласточчыне пражываюць каля 150 тысяч этнічных беларусаў. Кожны год яны праводзяць дзясяткі мерапрыемстваў. Акрамя песенных,  літаратурныя конкурсы, а яшчэ народныя святы, напрыклад, Купалле і  дажынкі. 

 У Польшчы ўшанавалі  памяць  загінуўшых  беларусаў 

Вялікае значэнне за межамі Радзімы Беларусь надае і памяці ахвяр вайны. У Бельск-Падляшскім знаходзяцца могілкі чырвонаармейцаў. Таксама тут пахаваны мірныя беларусы, якіх знішчыў атрад Бурага. Атрад Райса  (ці Бурага) дзейнічаў на тэрыторыі Польшчы ў 1946 годзе. Ад яго рук у розных населеных пунктах загінулі 79 беларусаў. Пазней гэтыя падзеі афіцыйна прызналі генацыдам. Сёння ля аднаго з помнікаў ахвярам усклалі кветкі і запалілі лампады.

У памяць аб ахвярах атрада Бурага ў беларускім ліцэі горада Бельск-Падляшскі арганізавалі выставу. У ёй змясцілі здымкі, копіі гістарычных дакументаў і ўспаміны сведкаў тых падзей. А ў Дзень Перамогі ўрачыстасці аб’яднаюць усе польскія населеныя пункты, дзе памятаюць подзвіг герояў.