У Беластоку затрымалі банду, якая нападала на беларусаў

28 мая 2014

Зараблялі злачынцы дробнымі крадзяжамі і рабаваннямі. Выйсці на след удзельнікаў крымінальнай групоўкі дапамог наш суайчыннік. Мужчына патэлефанаваў у паліцыю горада і распавёў, што невядомы разбіў шыбу яго машыны і выкраў у яго барсетку. Характэрна, што сам пацярпелы ў гэты момант быў у аўтамабілі - ён заснуў на заднім сядзенні. Прачнуўшыся ад шуму, беларус паспрабаваў быў спыніць рабаўніка, але той толькі накіраваў у твар ахвяры газавы балончык. Ахоўнікам парадку атрымалася хутка адшукаць злачынцаў. Падчас вобыску ў іх былі выяўленыя прапаўшыя грошы і дакументы. Пазней пустая барсетка была знойдзеная на абочыне дарогі ў прыгарадзе Беластока. Таксама стала вядома, што групоўка мае дачыненне да шэрагу іншых нападзенняў. Ім пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі.