У беларускай глыбінцы вырасла індзейскае паселішча з традыцыйнымі атрыбутамі

29 февраля 2020
Пакінуць мегаполіс, каб у беларускай глыбінцы пачаць турыстычны бізнес.

Некалькі гадоў таму ў вёсцы Маргі з’явіўся малады рамантык. Мясціны ўразілі, але чамусьці нагадалі не пра беларускі старажытны побыт, а пра карэнных насельнікаў Амерыкі - індзейцаў. І ў хуткім часе тут вырасла індзейскае паселішча з традыцыйнымі атрыбутамі. У сядзібу пацягнуліся турысты. Дарэчы, акрамя любавання наваколлем, прагулак па экалагічнай сцяжыне і ўдзелу ў індзейскіх абрадах, гаспадары прапаноўваюць гасцям на самай справе экзатычную забаву: катанне на сабаках. 

Вольга Маслоўская ўпершыню кіравала запрэжкай хаскі.  Тры гадзіны на аўтамабілі ад Віцебска, потым амаль кіламетр пешшу ў гумавых ботах. І вось ён - індзейскі куток у беларускай глыбінцы. Ціпі на фоне елак і хвоі - пейзаж, скажам шчыра, нязвыклы. Але што рабіць, калі дзіцячыя ўспаміны пра герояў Фенімора Купера не даюць гаспадару сядзібы пакою і сёння. У вёску Раман Мельнічэнка прыехаў з Масквы. Усё, што пабудавана і яшчэ будзе ўзведзена, яго аўтарскія праекты. Тут і сцэна для канцэртаў, і лазня па-чорнаму, і сад з хурмой і бананамі. Праўда, пакаштаваць экзатычныя фрукты можна будзе толькі праз некалькі гадоў - дрэўцы зусім маладыя. Узімку іх беражліва сцерагуць ад зайцоў і коз. 

Акрамя звыклых коз, авечак і курэй у гаспадароў жывуць 20 сабак пароды хаскі. І гэта адно з нямногіх месцаў у Беларусі, дзе можна пакатацца на сабачых запрэжках. Нават тады, калі снегу няма. Сёлетняй зімой летні інвентар для запрэжак хаваць не прыйшлося. Ранейшымі зімамі каталіся на нартах. Госці ў аграэкасядзібе круглы год. Прыязджаюць не толькі адпачыць, але і дапамагчы ў вядзенні гаспадаркі. 

Гасцей частуюць духмянай гарбатай з мясцовых траў і аладкамі з кавуна, вырашчанага на ўласным падворку. Бываюць тут і шумныя кампаніі: вяселле ў касцюмах індзейцаў Вялікіх раўнін - хіт сезона.