У Беларускім саюзе журналістаў узнагародзілі лаўрэатаў конкурсу "Дэбют"

14 декабря 2017

Карэспандэнты Агенцтва тэленавін ізноў у топе прафесійных конкурсаў. Сёння ў Беларускім саюзе журналістаў узнагародзілі лаўрэатаў конкурсу "Дэбют". Заявак было шмат - некалькі сотняў з усёй Беларусі. Адно з правіл - удзельнікі не павінны быць старэйшымі за 33 гады. Калі раней у конкурсе аглядальнікаў перавага была толькі за друкаванымі выданнямі, то сёлета галоўная ўзнагарода дасталася майму калегу - карэспандэнту АТН Дар'і Тарасавай. Яе сюжэт быў асобна адзначаны журы і стаў адным з лепшых сярод паўсотні фіналістаў.

Дар'я Тарасава, карэспандэнт Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі: "Нам сапраўды вельмі пашанцавала, таму што Беларусь знаходзіцца ў самым сэрцы Еўропы і таму менавіта ў нашай краіне разгортваюцца самыя цікавыя культурныя падзеі. Нашы журналісты знаходзяцца ў іх цэнтры. Менавіта гэтыя фактары дазваляюць беларускім журналістам рабіць рэпартажы, якія будуць цікавыя нашаму гледачу".

Анатоль Лемяшонак, старшыня Беларускага саюза журналістаў: "Радыё- і тэлежурналісты хоць і пазней за іншых сталі ўдзельнічаць у гэтых конкурсах, конкурсах "Дэбют", але адразу вельмі моцна заявілі пра сябе, паколькі рытм жыцця вельмі хуткі, жорсткі сёння. Яны вельмі хутка становяцца на ногі, набываюць добрую, прафесійную вывучку. Тым больш што побач з імі працуюць вельмі вопытныя, самавітыя, вядомыя журналісты".

Важны этап у развіцці тэлебачання - папулярызацыя сюжэтаў і ў інтэрнэт-прасторы. Рэпартаж Дар'і Тарасавай аб здымках сапраўды народнага серыяла "Сваты" ў Мінску сабраў больш за мільён 300 праглядаў на YouTube.