У беларускіх ВНУ павялічаць набор на інжынерныя і медыцынскія спецыяльнасці

10 мая 2019

У беларускіх ВНУ сёлета павялічаць набор на інжынерныя і медыцынскія спецыяльнасці, таксама IT-прафесіі. У той жа час скароцяць прыём студэнтаў па эканамічным і юрыдычным профілі. Такія змяненні звязаны з сітуацыяй на рынку працы. Сёння пра гэта паведаміў міністр адукацыі. Як адзначыў Ігар Карпенка, планы набору студэнтаў у ВНУ штогод карэкціруюць у адпаведнасці з патрэбнасцю ў кадрах у розных сферах. Каб найбольш аператыўна рэагаваць на любыя змяненні на рынку працы, самі навучальныя праграмы могуць змяняцца на працягу навучання ў залежнасці ад запытаў работадаўцаў.

Ігар Карпенка, Міністр адукацыі Беларусі: "Мы хочам адысці ад тыпавога навучальнага плана. І такім чынам даць ВНУ магчымасць разам з заказчыкамі кадраў карэкціраваць змест адукацыі ў залежнасці ад патрэбнасцяў той або іншай галіны. Гэта створыць умовы больш хуткага рэагавання на змяненні на рынку працы і адпаведна забеспячэння неабходнымі кадрамі".

Асаблівую ўвагу профільнае міністэрства надае і інфарматызацыі сельскіх гімназій і школ. Так, сёння Ігар Карпенка наведаў аграгарадок Сямёнавічы Уздзенскага раёна, дзе абсталявалі новы камп'ютарны клас. Займацца там змогуць больш за паўсотні вучняў.