У беларускіх ВНУ ідзе падача дакументаў на платнае навучанне

19 июля 2018

Яна завершыцца 6 жніўня. А вось на бюджэт прыём закрыты, але ў некаторых універсітэтах яшчэ засталіся ўнутраныя іспыты.

На факультэце міжнародных адносін БДУ абітурыенты праходзяць сумоўе. Выпускнікам, якім не хапіла некалькіх балаў, прапаноўваюць перакінуць дакументы на іншую спецыяльнасць. Традыцыйна тут конкурс адзін з самых высокіх у краіне. На многіх спецыяльнасцях, каб прайсці на бюджэт, мала было набраць нават 350 балаў. Акрамя гэтага, абітурыенты разам з бацькамі і дэканам юрфака абмеркавалі сёння навучальную праграму, магчымыя стажыроўкі, а таксама месцы ў інтэрнат.

Некалькі гадзін таму імёны першакурснікаў назвалі і ва ўніверсітэце грамадзянскай абароны МНС. Для гэтых хлопцаў і дзяўчат уступная кампанія пачалася яшчэ ў красавіку - яны дэманстравалі сваю фізічную падрыхтоўку, праходзілі медабследаванне і толькі пасля здавалі ЦТ. Конкурс у гэтым універсітэце па асобных спецыяльнасцях - больш як чатыры чалавекі на месца. Адзначым, ужо ў пачатку наступнага месяца хлопцам і дзяўчатам трэба прайсці так званую школу маладога байца - увесь жнівень іх будуць знаёміць з будучай прафесіяй.