У беларускіх судах справаводства перавядуць у электронны фармат

3 декабря 2016

У беларускіх судах адмовяцца ад паперы, а справаводства перавядуць  у электронны фармат. Гэта на адкрыцці новага будынка раённага суда ў Слоніме  расказаў старшыня Вярхоўнага суда Беларусі. Валянцін Сукала адзначыў: у будынку выкананыя ўсе сучасныя трэнды судовых працэсаў - абсталяваныя залы, якія дазваляюць дапытваць сведак, што знаходзяцца пад абаронай. Новы аб'ект па сутнасці - комплекс прававых паслуг. Тут размяшчаецца раённы камісарыят Слонімскага і Зэльвенскага раёнаў, служба судовых выканаўцаў, а таксама юрыдычная кансультацыя. Па словах экспертаў, такое суседства зробіць вырашэнне кожнага пытання максімальна эфектыўным і зручным.

Валянцін Сукала, Старшыня Вярхоўнага суда Беларусі:

"Працэс будзе поўнасцю фіксавацца на аўдыя і відэа. Усё тое, што адбываецца вакол працэсу, таксама будзе на электронных носьбітах. Гэта значыць само судовае справаводства поўнасцю пяройдзе на электронныя носьбіты. Нарэшце, пазбавімся ад гэтай руціны і папяровых носьбітаў".

Будаўніцтва і абсталяванне аб'ектаў судовай сістэмы працягваецца. Ужо ў наступным годзе плануюць адкрыць будынак суда ў Глыбокім, узводзіцца Дом правасуддзя ў Брэсце, а таксама новы будынак Вярхоўнага суда ў Мінску.