У БелЭкспа праходзіць афіцыйная цырымонія адкрыцця выставы "СМІ ў Беларусі"

2 мая 2019

Беларусь, Расія, Украіна, Латвія, Літва, Узбекістан, Кітай. Больш як паўсотні экспанентаў і паўтысячы ўдзельнікаў. У гэтыя хвіліны ў БелЭкспа праходзіць афіцыйная цырымонія адкрыцця штогадовай выставы "СМІ ў Беларусі". Ужо 23-ці раз у Мінску сабраліся прадстаўнікі вядучых тэлекампаній, радыё, газет і часопісаў. Упершыню на форуме можна будзе азнаёміцца з сеткавымі выданнямі. Уваход на выставу вольны. Таму любы ахвочы зможа паспрабаваць сябе ў якасці вядучага навін або рэпарцёра. Дапамогуць у гэтым прафесійныя журналісты. Па традыцыі свой стэнд адкрыла і Белтэлерадыёкампанія. Да гэтай гадзіны сакрэтамі тэлевізійнай кухні з адданымі гледачамі падзяліліся вядучыя новага інтэлектуальна-забаўнага шоу "На вылет!" У паменшаным фармаце ў праграме змаглі паўдзельнічаць госці выставы.

Асноўнымі на форуме сёлета стануць чатыры тэмы. Гэта інтэрнэт-тэхналогіі, II Еўрапейскія гульні, унікальнасць малой радзімы і 75-годдзе вызвалення Беларусі. Ужо праз гадзіну на стэндзе Белтэлерадыёкампаніі прэзентуюць яшчэ адзін праект - "Беларусь памятае".