У Беларусі завяршыўся прыём дакументаў будучых першакурснікаў

17 июля 2017

Некалькі гадзін таму ў Беларусі завяршыўся прыём дакументаў будучых першакурснікаў. Дзверы ВНУ для ўсіх, хто жадаў вучыцца на бюджэце, роўна ў шэсць вечара зачыніліся на цэлы год. Спецыялісты папярэдне адзначаюць: на 100 % і нават больш запоўненыя бясплатныя месцы ў галоўных універсітэтах краіны. Самыя топавыя спецыяльнасці - па-ранейшаму IT-сфера. Вялікі конкурс на факультэты медыцынскай ВНУ і міжнародныя адносіны БДУ. Вынікі тых, хто паступае па сумоўі, ужо падвялі ў педагагічным універсітэце. Пра самы хвалюючы дзень у жыцці абітурыента рэпартаж Таццяны Кароль.

Апошні шанц стаць студэнтам бюджэтнай формы навучання. На гэта ў абітурыентаў сёння было роўна 9 гадзін. Прыёмныя камісіі па ўсёй краіне зачынілі свае дзверы ў 18 гадзін і ні хвілінай пазней. Дарэчы, дакументы з максімальным балам - 399 падаў абітурыент медыцынскай ВНУ. У цэлым, як адзначаюць спецыялісты, конкурс і прахадныя балы выраслі на ўсе спецыяльнасці сёлета.

З раніцы ў прыёмных камісіях адчуваецца хваляванне. Тут не толькі абітурыенты, але і іх бацькі. Многія прыехалі здалёк, каб у апошні момант паспець падаць дакументы ў іншую ВНУ. Кожны з іх ужо вызначыўся, але зараз вырашальным можа стаць 1 бал - менавіта таму спісы, якія абнаўляюцца кожныя тры гадзіны, вывучаюць уважліва. У 15 гадзін апошнія вынікі на сёння. Праз тры гадзіны дзверы ўсіх ВНУ Беларусі зачыняць на год для тых, хто планаваў вучыцца за кошт бюджэтных сродкаў.

У топе спецыяльнасцяў гэтага года па-ранейшаму IT-сфера і міжнародныя адносіны. У Белдзяржуніверсітэце на гэтыя топавыя напрамкі сур'ёзна выраслі прахадныя балы.

На запатрабаваныя спецыяльнасці балы выраслі ў многіх ВНУ. ЦТ абітурыенты сёлета здалі лепш, чым летась, плюс новаўвядзенне - магчымасць здаваць 4 тэсты, а значыць і дыяпазон напрамкаў большы.

Усяго ж ВНУ Беларусі на бюджэтную форму навучання гатовыя прыняць больш як 27 тысяч студэнтаў. Да 4 жніўня ў абітурыентаў яшчэ будзе магчымасць падаць дакументы на спецыяльнасць сваёй мары, але ўжо на платную форму навучання. Усяго ўніверсітэты краіны гатовыя выдаць 85 тысяч студэнцкіх білетаў.