У Беларусі завяршылася грамадскае абмеркаванне змяненняў у правілах дарожнага руху

17 мая 2019

Новаўвядзенні могуць закрануць пытанні перавагі пешаходаў на дарозе, пазначэнні персанальнага электратранспарту - такога як гіраскутар або монакола, а таксама спынення вадзіцеляў для праверкі дакументаў. Усе слушныя заўвагі і прапановы ўзятыя пад увагу і пасля апрацоўкі будуць прапанаваныя дэпутатам на разгляд. Падрабязней пра будучыя змяненні - Мікіта Дзяменцьеў

Два тыдні на гарачыя спрэчкі, дыскусіі і прапановы. Менавіта столькі працягваліся грамадскія абмеркаванні змяненняў у правілы дарожнага руху. Усяго ж праваахоўнікі прапаноўваюць падправіць прыкладна 30 пунктаў у ПДР, а заадно зрабіць іх больш зразумелымі для кожнага ўдзельніка дарожнага руху. 

Станіслаў Салавей, афіцыйны прадстаўнік УДАІ МУС Беларусі: "Некаторыя моманты былі незразумелыя людзям, напрыклад, правіла дзвюх палос. Некаторыя задавалі пытанне: "Да пешахода або пасля пешахода гэтае правіла гэтак жа дзейнічае?" То ў гэтым выпадку, пэўна, прыйдзецца трошкі больш падрабязна распісаць, што маецца на ўвазе "дзве паласы" менавіта да пешахода, які ідзе і перасякае праезную частку дарогі".

Паводле слоў інспектараў, такі метад занясе канкрэтыку ў спрэчныя моманты няпропуску на "зебры". Папулярным сёння электрасамакатам, гіраскутарам і монаколам дадуць азначэнне "сродкі персанальнай мабільнасці". Катацца на такіх прыстасаваннях на хуткасці вышэйшай за 25 км/г на тратуарах будзе забаронена, а іх "пілотаў" прыраўняюць да пешаходаў. Акрамя таго, з'явяцца так званыя зоны 30, дзе стрэлка спідометра на аўто не павінна перавышаць паказаную лічбу. 

Юрый Важнік, старшыня праўлення Беларускай асацыяцыі экспертаў і сюрвеераў на транспарце: "У цэнтральнай частцы гарадоў з'явіцца такі механізм, які дазваляе стрымаць хуткасць аўтамабіляў і зрабіць іх больш лаяльнымі да існавання людзей у гарадской прасторы".

У новым дакуменце прапаноўваюць веласіпедыстам не спешвацца на рэгуляваных пешаходных пераходах. А вось уладальнікам байкаў дэманстраваць навыкі віртуознай язды на дарогах агульнага карыстання - табу. 

Дзмітрый Бельскі, спецыяліст па контраварыйнай падрыхтоўцы вадзіцеляў: "Каб было менш так званых мотахуліганаў, таму што спартсмены і спецыялісты выступаюць на нейкіх мерапрыемствах і трэніруюцца на спецыяльных пляцоўках. У горадзе такім трукам, вядома, гэта хораша, але гэта не дарэчы".

У абноўленай рэдакцыі ПДР таксістаў могуць абавязаць прышпільвацца рамянямі бяспекі ў населеным пункце падчас язды без пасажыраў. Таксама з'явяцца і ўчасткі дарог, дзе нельга будзе навучацца кіраванню. 

Яшчэ адно дапаўненне закране спыненне вадзіцеляў для праверкі дакументаў. Раней для такой працэдуры супрацоўнікам ДАІ былі неабходныя відавочныя прычыны, напрыклад, вонкавая тэхнічная няспраўнасць аўтамабіля. Сёння інспектары ўпэўніваюць: новаўвядзенне - нармальная сусветная практыка. Больш за тое, дазваляе выяўляць утоеных парушальнікаў. А сам працэс праверкі доўжыцца не больш за 5 хвілін, так што тым, у каго з дакументамі ўсё ў парадку, хвалявацца не варта.

Пасля таго як інспектары ДАІ дэталёва азнаёмяцца з прапановамі ад грамадзян, дакументы адправяцца на абмеркаванне дэпутатаў. Праўда, калі ўдзельнікі дарожнага руху пачнуць перасоўвацца паводле новых правіл, пакуль невядома.