У Беларусі завяршаецца праект па ўтылізацыі кампанентаў вадкага ракетнага паліва

11 июня 2018

У Беларусі завяршаецца сумесны з АБСЕ праект па ўтылізацыі кампанентаў вадкага ракетнага паліва. Адпаведныя сертыфікаты падпісалі сёння ў Мінабароны. Мемарандум аб узаемаразуменні паміж урадам Беларусі і АБСЕ быў заключаны ў чэрвені 2015.

Дакумент стаў асновай для далейшай рэалізацыі сумеснага праекта. Шведскі бок выступіў фінансавым донарам. У адпаведнасці з заключаным трохбаковым кантрактам у снежні 2016 і тэхнічнай дамоўленасцю ў лютым 2017 кампаненты вадкага ракетнага паліва агульным аб'ёмам больш за 187 тон вывезлі з тэрыторыі нашай краіны і ўтылізавалі на заводах Швецыі.

Марсэль Пешко, дырэктар Цэнтра па прадухіленні канфліктаў АБСЕ:

"Гэтая вадкасць, гэтае паліва было падрыхтавана для сістэм УС былога СССР. Гэтыя сістэмы ўжо састарэлі, іх павінны былі памяняць. Была высокая рызыка, што гэтая вадкасць распаўсюдзіцца ў навакольнае асяроддзе, а не толькі ў раёне, дзе яны знаходзіліся, а ў большым раёне Беларусі і Усходняй Еўропы. Пасля двух гадоў мы можам сёння адзначыць добры вынік гэтай працы. Беларусь назапасіла вопыт, якім яна зараз можа дзяліцца і з іншымі краінамі".

Сумесна з Арганізацыяй па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, Швецыяй, а таксама з расійскім прадпрыемствам "Тэхнаазот" на працягу мінулага года вывезлі амаль 700 тон кампанентаў паліва, якія знаходзіліся на захоўванні ва Узброеных Сілах Беларусі.