У Беларусі завяршаецца акцыя "Тыдзень лесу"

21 апреля 2018

Пасадзіць дрэва і ўнесці свой уклад у азеляненне краіны. Сёння, 21 красавіка, у Беларусі завяршаецца акцыя "Тыдзень лесу". Сёлета галоўная мэта кампаніі - аднаўленне угоддзяў, якія пацярпелі ад насякомых-шкоднікаў. Бо толькі за мінулы год ад іх нашэсця загінула больш за 12 тысяч гектараў насаджэнняў. У выніку за мінулыя 7 дзён добраахвотнікі высадзілі прыкладна 18 мільёнаў дрэў на плошчы амаль 4 тысячы гектараў. Сярод тых, хто актыўна займаецца азеляненнем роднага краю, і браты-блізняты Мацюшэўскія. Аляксандр і Сяргей амаль усё жыццё працуюць у лясной гаспадарцы. Пра людзей, для каго лес стаў справай жыцця, матэрыял Аляксандра Хараўца.

На першы погляд можа здацца, што адзін і той жа чалавек знаходзіцца адразу ў двух месцах і сам з сабой размаўляе па тэлефоне. Аднак толькі для неазнаёмленых людзей, гаворыць Сяргей Мацюшэўскі. Так склалася, што браты-блізняты Сярожа і Саша нарадзіліся ў сям'і лесніка, амаль усё жыццё пражылі на прыродзе. Таму з выбарам прафесіі вызначыліся яшчэ ў маленстве.

З малых гадоў браты былі ў бацькі на падхваце, шмат умелі і ведалі, дапамагалі ва ўсім і заўсёды імкнуліся зарабіць уласнай працай. Пакуль рыхтаваліся да паступлення, наняліся ў лясгас падсобнымі рабочымі, і ў час вучобы забяспечвалі сябе самі. Пасля інстытута разам вярнуліся ў Талачынскі лясгас. З цягам часу іх месцы жыхарства сталі рознымі, аднак не любімая справа.

Сёння старэйшы ўсяго на некалькі хвілін Сяргей узначальвае Мінскае лесагаспадарчае аб'яднанне. Аляксандр – галоўны ляснічы ва ўсёй Брэсцкай вобласці. І нягледзячы на тое, што характары ў іх розныя, нашы героі сцвярджаюць адваротнае, яны без слоў разумеюць адзін аднаго, рэдка спрачаюцца і на многія рэчы глядзяць аднолькава.

Сын і дачка Сяргея таксама пайшлі па слядах бацькі і працуюць у лясной сферы. У Аляксандра дзеці яшчэ вучацца, аднак таксама плануюць прадоўжыць сямейную традыцыю – аднаўляць і ахоўваць лес. За сваё жыццё Мацюшэўскія пасадзілі далёка не адзін мільён дрэў. Сёння свой вопыт перадаюць і маладому пакаленню. У тым ліку добраахвотнікам, якія прынялі ўдзел у акцыі "Тыдзень лесу". Усё строга па тэхналогіі. Крок пасадкі - 70 сантыметраў.

Сёлета ў добрай традыцыі садзіць лес разам прынялі ўдзел каля 100 тысяч чалавек. У выніку на плошчы амаль 4 тысячы гектараў высадзілі каля 18 мільёнаў дрэў. Усяго праз некалькі дзесяцігоддзяў на гэтых пляцоўках вырасце сапраўдны лес, дзе ўжо нашы дзеці і ўнукі будуць збіраць ягады і грыбы.