У Беларусі адкрыліся школьныя кірмашы

19 июля 2016

У спісе доўгі пералік канцылярскіх тавараў, школьны партфель і форма па апошніх тэндэнцыях моды. Сёння фабрыкі прапаноўваюць дзяўчынкам сукенкі ў стылі рэтра, а хлопчыкам - прыталеныя касцюмы з гаджэтамі.

Колькі каштуе партфель першакласніка, ведае Крысціна Страх. Маленькая Сафія Домаш 1 верасня пойдзе ў першы клас - у бацькоў ёсць спіс пакупак, якія спатрэбяцца малой у школе. Усяго 30 найменняў. У выніку цэлы кошык.

Дзмітрый Домаш, бацька: "Увесь кошык для першакласніка каштуе 60-70 рублёў, зноў жа тут поўны набор, неабходны першакласніку. Усё самае неабходнае. Зноў жа пачынаючы з элементарных нажніц і сканчаючы блокамі каляровай паперы".

Наступны пункт - гэта школьны ранец. Малышы галасуюць за яркі колер, а ўрачы-артапеды настойваюць на цвёрдай спінцы партфеля.

Дактары заклікаюць зважаць і на шырыню шлеек - мінімум 40-50 мм. А вось вага школьнага ранца павінна быць не больш за адзін кілаграм. За гэтым таксама трэба сачыць бацькам.

І калі пры выбары партфеля галоўнае - камфорт, то ў выбары школьнай формы можна быць трохі смялейшым. Дзяўчынкам сёлета прапаноўваюць рэтра-стыль - гэта добра вядомыя сукенкі з белымі фартухамі. Але толькі ў іх у ХХІ стагоддзі адшпільваюцца каўнерык і манжэты. А вось хлопчыкі ідуць у нагу з часам - завужаныя штаны і прыталеныя пінжакі. Засталіся як тэндэнцыя з мінулых сезонаў гаджэты ў касцюмах.

У сярэднім касцюм для хлопчыка абыдзецца бацькам на 70 рублёў. Каб сабраць першакласніцу, прыйдзецца аддаць трохі больш дэнамінаваных рублёў - каля сотні.

У асартыменце толькі гэтай фабрыкі больш за 70 мадэляў да новага школьнага сезона. Гэта ўжо звыклыя сарафаны і касцюмы, на выбар клетка, шэрыя і чорныя колеры і абавязкова тканіна, якая дыхае. Навінка сезона - касцюмы для хлопчыкаў памеру плюс.

Такі касцюм можна будзе купіць ужо ў верасні. А фабрыкі, у сваю чаргу, пачалі працу над новымі калекцыямі да наступнага навучальнага сезона.