У Беларусі запрацуе новы механізм крэдытавання жылля з дзяржпадтрымкай

14 апреля 2017

У Беларусі запрацуе новы механізм крэдытавання жылля з дзяржпадтрымкай: з'явяцца адрасныя субсідыі для грамадзян. Тыя, хто жывуць у нястачы, змогуць выкарыстаць гэтую дапамогу на пагашэнне жыллёвых крэдытаў, узятых на камерцыйных умовах. Праект указу, які замацуе новую схему, ужо ў рабоце. Эксперты разлічваюць, што з запускам механізм актывізуе жыллёвае будаўніцтва, прапануе грамадзянам альтэрнатыву льготным пазыкам і падключыць да крэдытавання большасць камерцыйных банкаў. Як будзе працаваць новая схема дзяржпадтрымкі - высвятляла Вольга Анішчанка.

Як толькі новая схема запрацуе, чаргавікоў будуць адпраўляць у камерцыйныя банкі. Браць у пазыку на будаўніцтва прыйдзецца на агульных падставах.

Напрыклад, сёння можна ўзяць у доўг пад 18% гадавых. Аднак той, хто жыве ў нястачы, у выніку заплаціць куды меншы працэнт - ад 1 да 5 - у залежнасці ад катэгорыі. Астатнюю суму доўгу пагасіць субсідыя.

Неабходныя сродкі дзяржава накіруе ўжо не банку, як гэта працуе зараз, а непасрэдна - грамадзяніну, які будуе з дзяржпадтрымкай. Іншымі словамі, усе льготы захаваюцца. Фінансавай дапамозе толькі нададуць новую форму.

Галоўныя атрымальнікі - тыя, хто падпадае пад 13-ы указ Прэзідэнта. Гэта значыць - грамадзяне, якім належыць найбольшы ўзровень крэдытнай падтрымкі. Да 5% гадавых. А гэта шматдзетныя сем'і, бацькі, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, сіроты, вайскоўцы, суддзі - усяго 18 катэгорый. Для маладых сем'яў з дзецьмі, якім таксама трэба будавацца, умовы застануцца нязменнымі.

Зрэшты, эксперты ўпэўненыя: новы механізм, безумоўна, добры і для грамадзян, і для галіны. Першым дадуць выбар, да прыкладу, камерцыйнага банка, з ім прыйдзецца мець справу не адзін год. Навацыя падшпіліць і будаўніцтва.

Яшчэ адзін важны бонус новаўвядзення - сыход ад дырэктыўнага крэдытавання будаўніцтва. Калі дзяржава дыктавала, каму і колькі трэба даць у пазыку. Зараз камерцыйныя банкі будуць працаваць з грамадзянамі па рынкавых правілах, як таго і патрабуюць міжнародныя арганізацыі, у тым ліку МВФ. Але тых, каму больш складана, падтрымаюць адрасна.

Відавочна, крэдыты па камерцыйных стаўках для банкаў куды больш прывабныя, а таму іх цікавасць да выдачы пазык на такіх умовах вырасце напэўна. Для параўнання: сёлета льготныя крэдыты на будаўніцтва выдавалі толькі два банкі краіны. Але абмежаванасць рэсурсаў і ажыятажны попыт прывялі да таго, што грошы скончыліся ў лічаныя дні.

У будучыні прадстаўніцтва банкаў на рынку крэдытавання павялічыцца. Разлік такі - як мінімум 10-15 фінустаноў будуць крэдытаваць ільготнікаў. Больш магчымасцяў, менш нагрузкі на бюджэт.

Паміж тым, 13 указ таксама пакінуць у дзеянні. Грамадзяне змогуць выбіраць: скарыстацца цяпер дзеючымі ўмовамі альбо паспрабаваць новую схему крэдытавання. У перспектыве, дарэчы, яна прапануе і іншыя варыянты вырашэння кватэрнага пытання.

Паміж тым, у профільным міністэрстве не спяшаюцца абнадзейваць. Усё ж магчымасці бюджэту абмежаваныя. Як і рэсурсы банкаў, якія тыя вылучаюць пад будаўніцтва. Масава вырашыць жыллёвыя праблемы наўрад ці атрымаецца. Але будаваць будуць. Як і ўтрымліваць у разумных межах кошт ільготных метраў. Гавораць, да канца года квадрат, збудаваны з дзяржпадтрымкай, будзе каштаваць не больш як 850 рублёў.