У Беларусі зафіксавана 27 выпадкаў каранавіруса

13 марта 2020
Міністэрства аховы здароўя на брыфінгу паведаміла, што ў краіне зафіксавана 6 новых выпадкаў захворвання. У бальніцах знаходзіцца 24 пацыенты з COVID-19. Іх стан ацэньваецца як стабільны. У аднаго -  сярэдняцяжкая плынь хваробы, у астатніх - лёгкая або бессімптомная. Акрамя таго, 3 чалавекі цалкам акрыялі і іх выпісалі. Усе медыцынскія ўстановы працуюць у рэжыме павышанага захворвання рэспіраторнымі інфекцыямі. 


У Беларусі дастаткова лекаў і абсталявання


Алена Богдан, начальнік галоўнага ўпраўлення Міністэрства аховы здароўя Беларусі: "Мы правялі аналіз працаздольнасці ўсяго наркозна-дыхальнага абсталявання і апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх. Мы яшчэ раз перагледзелі ўсе свае планы магчымай нашай працы ў залежнасці ад эпідэмічнай сітуацыі. Мы сёння працуем па нашым першым плане ў звычайным рэжыме. Сродкаў абароны, лекавых сродкаў, дэзінфіцуючых сродкаў на сённяшні момант дастаткова і ў стацыянарным, і ў амбулаторным звяне".

І, як адзначыў афіцыйны прадстаўнік САЗ у Беларусі: Сусветная арганізацыя аховы здароўя пакуль не рэкамендуе ўжываць у Беларусі жорсткія абмежавальныя меры з-за каранавіруса.

Батыр Бердыклычаў, прадстаўнік САЗ у Беларусі: "Мы ведаем, што не ва ўсіх краінах еўрапейскага рэгіёна, асабліва Заходняй Еўропы, захавалася служба санітарна-эпідэміялагічнага нагляду. Гэта значыць, у іх няма магчымасці выяўляць і адсочваць кантакты першага ўзроўню ўсіх, хто захварэў. Бо гэта неабходна для стрымлівання эпідэміі. У Беларусі такая сістэма захавалася і даволі добра функцыянуе. Аб чым гэта гаворыць? Аб тым, што інфекцыя знаходзіцца пад поўным кантролем і ўсе кантакты праслежаныя. Гэта значыць, сістэма можа адсачыць, адкуль прыйшоў вірус і куды ён дзеўся. Таму краіна знаходзіцца ў той катэгорыі краін, дзе няма прыкмет мясцовай перадачы інфекцыі і нейкія вельмі жорсткія меры абмежавальнага характару на гэтай стадыі не рэкамендуюцца проста таму, што карысць ад іх не перавышае магчымыя негатыўныя наступствы".


Сітуацыя з каранавірусам пад кантролем


У цэлым у краіне ізаляваныя 224 пацыенты. Гэта тыя людзі, якія ўваходзяць у так званыя кантакты першага ўзроўню. Усе яны знаходзяцца пад пастаянным назіраннем медыкаў. Што ж датычыцца правядзення культурна-масавых, спартыўных і навуковых мерапрыемстваў з міжнародным удзелам, то Міністэрства аховы здароўя рэкамендуе перанесці іх на больш позні тэрмін. Тым не менш, канчатковае рашэнне застаецца за арганізатарамі.