У Беларусі другі год запар рэалізуецца праграма Школьны аўтобус

8 сентября 2014

Вучням сельскіх школ з аддаленых вёсак зараз не трэба думаць, як дабрацца ў школу і назад. Толькі ў Брэсцкай вобласці школьны аўтапарк сёлета папоўнілі больш як 40 новенькіх аўтобусаў.


На дзіцячым транспарце праехала і наш карэспандэнт Вікторыя Патоня.


Настаўнік рускай мовы Кацярына Козіч сёлета ў новай школе. Спачатку былі сумненні - да працы 11 кіламетраў шляху. Больш за ўсё хвалявалася за сваіх сыноў. Зняць праблему дапамаглі мясцовыя ўлады. Зараз у дзяцей свой аўтобус.


Вераніка Воран - адзіная вучаніца ў вёсцы Зосіна. У школу дзяўчынку забіраюць з дома і прывозяць назад. Раней, каб не прапускаць заняткі, ёй даводзілася жыць у сваякоў тыднямі.


У Лукскую школу ў глыбінцы зараз больш як 30 вучняў і дашкольнікаў з пяці вёсак дабіраюцца на аўтобусе і ў суправаджэнні настаўніка. Галоўны крытэрый, якім кіраваліся распрацоўшчыкі школьнага аўтобуса, - бяспека дзяцей. Яркі жоўты колер і пробліскавы маячок на даху невыпадковыя. Максімальная хуткасць - 60 км за гадзіну. Прадугледжаная высоўная прыступка для самых маленькіх.


Рамяні бяспекі, падлакотнікі, функцыянальныя нішы для рукзакоў і партфеляў. У планах - выкарыстоўваць школьны транспарт і для адпачынку дзяцей: вазіць на спаборніцтвы і экскурсіі.


Дарэчы, толькі ў Брэсцкай вобласці на школьныя маршруты ў гэтым навучальным годзе выйшла 300 аўтобусаў. Больш як 40 з іх упершыню. На кон пастаўленыя якасць адукацыі і бяспека дзяцей. Замена старых аўтобусаў прадоўжыцца і ў наступным годзе. А сёлета толькі ў Брэсцкай вобласці па новым маршруце праедуць каля 15 тысяч дзяцей.