У Беларусі магчымая крымінальная адказнасць за допінг

25 мая 2018

Гэтае пытанне Кіраўнік дзяржавы даручыў прапрацаваць ураду. Аб забароненых прэпаратах і пакаранні за іх ужыванне ў спорце гаворыцца ва ўказе, які быў падпісаны напярэдадні. І хоць дакумент яшчэ не ўступіў у сілу, ужо сабраў вакол сябе нямала спрэчак і разважанняў. Якія меры прадугледжаныя новым указам - аб нюансах Павел Капуцкі.

Што такое заваёўваць медалі, а потым іх аддаваць - Беларусь ведае добра. У 2008-м у Пекіне ў нас было 19 узнагарод, засталося 13. Шэсць забралі пасля пераправерак допінг-спроб. Тая Алімпіяда перастала быць самай паспяховай у гісторыі Беларусі, аддаўшы лідарства Сіднэю.

Напярэдадні Прэзідэнт падпісаў Указ № 201. Ён так і называецца "Аб процідзеянні допінгу ў спорце". За сістэматычнае парушэнне правіл цэлыя федэрацыі будуць пазбаўляць дзяржпадтрымкі, магчымы нават двухгадовы бан. У нячыстых нацкамандах скароцяць колькасць і фінансаванне. 

У выпадку дыскваліфікацыі атлета або яго трэнера за допінг ім забароняць займацца педагагічнай дзейнасцю ў сферы фізкультуры і спорту. А яшчэ абавяжуць вярнуць стымулюючыя выплаты і пазбавяць дзяржузнагарод, атрыманых за несумленныя поспехі.

Сяргей Рутэнка, экс-капітан зборнай Беларусі па гандболе: "Мяркую, надышоў час узмацняць жорсткасць гэтага, паколькі такое адчуванне, што ўсё ішло па спіралі. Усё больш і больш. Да гэтага звярталіся спартсмены. І тых мер, якія былі да сённяшняга дня, недастаткова. Таму трэба спыняць і караць".

Старшыня Федэрацыі лёгкай атлетыкі Вадзім Дзевятоўскі, вядома, за барацьбу. Ён за барацьбу з допінгам, але барацьбу сумленную. Кідальнік молата выдаткаваў шмат грошай і нерваў, каб абараніць пекінскае срэбра.

Больш чым у 30 краінах устаноўленая крымінальная адказнасць за допінг. Ёсць яна ў Расіі, напрыклад. Хутка з'явіцца і ў Беларусі. Наколькі жорстка і каго менавіта будуць караць - вырашыць урад.

Прыцягненне да крымінальнай адказнасці пакуль толькі ў планах, а 201-ы ўказ пачне дзейнічаць пасля афіцыйнага апублікавання.