У Беларусі аднавілі стары чэшскі самалёт Zlin 42М

26 июня 2017

З Гродна ў Гомель за 3 гадзіны без затораў і святлафораў. У Беларусі аднавілі стары чэшскі самалёт Zlin 42М. Для гэтага спатрэбіўся год працы і некалькі літраў фарбы. Авіяканструктар ужо плануе ўдзел у аэрафестывалях і падарожжы да сяброў. Сюжэт Дзмітрыя Смірнова.

У мінулым ваенны пілот Віталь і сёння горача захоплены небам і самалётамі. Гэты 42-гадовы Zlin 42М ён разам з сябрамі купіў у адным з аэраклубаў у Чэхіі год таму. Як ён гаворыць, машына, нягледзячы на ўзрост, ужо зноў гатовая падняцца ў палёт. У мінулым стагоддзі на такіх вучыліся лятаць грамадзянскія і ваенныя авіятары. Паталок вышыні ў яго 5 кіламетраў.

Акрамя прыбораў, самалёт прайшоў амаль поўны рэдызайн. Віталь памяняў абшыўку і ўнутраны інтэр'ер. Перафарбаваў фюзеляж. А вось што амаль не чапаў - дык гэта сэрца. Так ён называе рухавік.

Дарэчы, акрамя чэшскага Zlinа ў тутэйшых авіямайстэрнях рыхтуюць яшчэ некалькі самалётаў - у аднаго нават драўляны корпус.

Пакуль самалёт у ангары, але ўжо ў ліпені ён паднімецца ў неба. Фактычна гэта асабісты паветраны транспарт. Напрыклад, з Гродна ў Гомель можна даляцець усяго за 3 гадзіны.

Паміж двума гэтымі абласнымі цэнтрамі 592 кіламетры. Для параўнання, на аўтамабілі да горада над Сожам амаль 7 гадзін. А адноўлены Zlin лёгка паказвае хуткасць 200 кіламетраў за гадзіну. Дарэчы, запраўляць крылатага "чэха" можна 95-ым або 98-ым бензінам. Чым і карыстаюцца пілоты, лятаючы адно да аднаго ў госці.

Свой першы сапраўдны палёт крылы чэшскага самалёта ад беларускага майстра адчуюць праз пару тыдняў на авіяфестывалі пад Гродна. Разам з ім у неба паднімуцца яшчэ больш як дзесяць самалётаў, дэльта- і парапланаў.