У Беларусі ў хуткім часе могуць з'явіцца электронныя пашпарты

26 сентября 2013

Пра гэта сёння было заяўлена на прэс-канферэнцыі ў Мінску.


Расказвае Руслан Туркоў. Тое, што яшчэ гадоў дзесяць таму здавалася фантастыкай, ужо зусім хутка можа стаць звыклым і нават звычайным. Электронны пашпарт усяго праз два гады можа з'явіцца ў кожнага беларуса. Пра гэта сёння журналістам расказалі ў Мінску.


Адначасова ідзе работа па падрыхтоўцы да рэалізацыі ўнікальнага праекта Электронны ўрад. Сістэма, якая дазволіць скараціць дакументаабарот, а па сутнасці стварыць абсалютна новую форму адносінаў паміж дзяржорганамі, чалавекам і юрыдычнымі асобамі. Дапамогу па ўкараненні электроннага ўрада прапанаваў нам прызнаны сусветны лідар у гэтай сферы - Паўднёвая Карэя. Спецыялісты ўжо прыязджалі да нас на перамовы.


Дарэчы, гэты IT-праект знаходзіцца пад асабістым кантролем Кіраўніка дзяржавы. Задачу ўкараніць новую сістэму Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка паставіў яшчэ ў красавіку падчас звароту да парламента і беларускага народа. Тады ж Кіраўніком дзяржавы была адзначана асаблівая роля інфармацыі і новых тэхналогій у сучасным свеце.


Між тым, сёння ў Інтэрнэце ўжо кожны другі беларус. А для больш чым 6 тысяч нашых бізнесменаў Інтэрнэт - гэта яшчэ і асноўная праца. Толькі сёлета колькасць анлайн-магазінаў павялічылася амаль на чвэрць. Вось толькі якасць абслугоўвання ў іх, заяўляюць у Міністэрстве гандлю, паляпшаецца зусім не з такой дзіўнай хуткасцю.


Ірына Барышнікава, начальнік упраўлення абароныт правоў спажыўцоў і кантролю за рэкламай Міністэрства гандлю Беларусі: За 2012-2013 год Міністэрства гандлю праверыла каля 208-мі магазінаў, з іх у 75 % былі выяўленыя парушэнні. Міністэрствам прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці парушальнікі ў адпаведнасці з Адміністрацыйным кодэксам.


Калі папярэджанні і штрафы не дзейнічаюць, парушальніка просяць вызваліць інтэрнэт-пляцоўку. Электронная пляцоўка нагадвае вялікі офіс, дзе інтэрнэт-магазіны арандуюць памяшканні. Дык вось калі за імі пастаянна лічацца парушэнні, то Міністэрства гандлю мае права пазбавіць іх ліцэнзіі.


Разам з колькасцю, як гавораць, юзераў, расце і колькасць пунктаў доступу Wi-Fi. А да чэмпіянату свету па хакеі Белтэлекам абяцае лічбу і зусім павялічыць у паўтара раза. Перш за ўсё бесправадны Інтэрнэт будзе даступны ў гасцініцах і спартыўных комплексах.