У Беларусі ўзмацняюцца патрабаванні да прадпрыемстваў будаўнічай галіны

3 апреля 2014

З 1 красавіка абавязковай стала атэстацыя для ўсіх удзельнікаў будаўнічага працэсу, паведаміла напярэдадні кіраўніцтва Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва. Для атрымання атэстата свае кампетэнцыі павінны пацвердзіць кіраўнікі бударганізацый і спецыялісты, якія падпісваюць праекты і чарцяжы альбо зацвярджаюць работы. А сама арганізацыя - прад'явіць партфоліа з тымі аб'ектамі, якія выконвала на працягу апошніх трох гадоў, а таксама не менш чым тры рэкамендацыі ад заказчыкаў і органаў мясцовай улады.


Дзмітрый Семянкевіч, намеснік міністра архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь: Для таго каб у нас сфарміраваць прафесійны рынак, не галоўнае паставіць бар'еры перад тымі ці іншымі ўдзельнікамі гэтага працэсу, а даць магчымасць правільна ацаніць свае магчымасці і супаставіць магчымасці з той складанасцю аб'ектаў, на якіх яны хацелі б працаваць.



Нагадаем, на праблемы ў будаўнічым сектары Мінска ў аўторак звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы на нарадзе па пытанні выканання даручэнняў аб узвядзенні значных аб'ектаў у сталіцы. Прэзідэнт адзначыў няўменне працаваць з інвестарамі і адсутнасць кантролю. Кіраўнік дзяржавы даручыў за два месяцы правесці конкурс праектаў па будаўніцтве самага праблемнага аб'екта - Мінск-Сіці.