У Беларусі ўзмацняецца жорсткасць меры ў дачыненні да нецвярозых вадзіцеляў

23 июля 2013
Закон аб унясенні паправак у кодэксы падпісаў Кіраўнік дзяржавы. Зараз за паўторнае парушэнне на працягу года машыну канфіскуюць. А вось п'яным вадзіцелям, па віне якіх у ДТЗ загінулі людзі, пагражае пазбаўленне волі тэрмінам да 10 гадоў.

Больш падрабязна пра новы закон распавядзе Аляксандр Савенка.

Пра гэты законапраект гаварылі даўно і шмат. Сітуацыя наспявала, кожная літара пісалася жахлівай статыстыкай. І вось сёння подпіс Прэзідэнта пад праектам закона - гэта ўжо не фармальнасць, а кантрольны ўдар па п'яных вадзіцелях. Хтосьці гэтыя меры па ўзмацненні жорсткасці пакарання называе своеасаблівай кадзіроўкай аматараў пракаціцца пад градусам.


Не, ніколі, ды ні за што на свеце - словы добрасумленных вадзіцеляў. Сярод апытаных няма ні аднаго, хто сказаў бы, што ездзіў пад градусам. А вось ДАІ іншай думкі.


Станіслаў Салавей, старшы інспектар па асаблівых даручэннях УДАІ МУС Беларусі: З пачатку гэтага года затрымана больш за 20 тысяч нецвярозых вадзіцеляў, прычым кожны дзясяты з іх сеў у такім стане за руль паўторна.


Якой гэтая лічба будзе да канца года - пакажа час. Зараз жа мы маем адзін цікавы факт - з 2007, з таго моманту, як Крымінальны кодэкс папоўніўся дадатковым артыкулам аб паўторнасці п'янага кіравання на працягу года, колькасць затрыманых за рулём нецвярозых вадзіцеляў знізілася ўдвая. Тэндэнцыя добрая - рэакцыя неадкладная.


Справа зроблена. Штрафы павялічаныя ў разы. Зараз за п'янку за рулём раскашэліцца прыйдзецца мінімум на 5, максімум на 10 мільёнаў рублёў. Вялікія змяненні зведаў Крымінальны кодэкс - артыкул 317-1. Паўторнасць на працягу года.


Пётр Кісялёў, начальнік аддзела інфармацыі і сувязяў з грамадскасцю Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь: Пазбаўленне волі не прадугледжвалася, а былі грамадскія работы. Папраўкамі ўжо прадугледжана пазбаўленне волі да 3 гадоў максімум. Выключаныя гэтыя грамадскія работы.


Сярод найбольш рэзанансных новаўвядзенняў - канфіскацыя аўто. Развітаюцца з машынай уласнікі. Даў ключы ад машыны брату або свату, а той, мала таго, што ездзіў без правоў, якія за п'янку забралі, дык яшчэ і выпіў перад паездкай. Няведанне не вызваляе ад адказнасці, а за перадачу чатырохколавага бяспраўніку - вінаваты і адказваць будзеш. Хочаш быць спакойны - правярай пасведчанне вадзіцеля. Выключэнне зроблена для выпадкаў выкрадання і самаўпраўства.


Пётр Кісялёў, начальнік аддзела інфармацыі і сувязяў з грамадскасцю Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь: Калі вы не ўпэўненыя на 100% у гэтым чалавеку, якому вы давяраеце сваю машыну, лепш не давайце.


Знішчаць давер на корані - не выхад, упэўненыя праваабаронцы. Вядома, пакуль такой практыкі ў беларускім адвакацкім вопыце няма, яна будзе толькі фарміравацца. Але на створаных прэцэдэнтах у замежных краінах ужо можна рабіць высновы.

Хто з вялікім нецярпеннем чакаў гэтага законапраекта, дык гэта ўрачы-нарколагі.
У кабінеце агляду кожны дзень да 20 чалавек. Кожны са сваёй гісторыяй - хтосьці буяніць, хтосьці гаворыць, што цвярозы. І толькі 10% згаджаюцца, што п'яным за рулём не месца.

Каб падумаць, засталося тры месяцы. Падстава для разважання - яшчэ адна папраўка ў Крымінальны кодэкс. Калі па віне нецвярозага вадзіцеля загінулі або атрымалі пакалечанні людзі - толькі турма. Тэрмін - да 10 гадоў.