У Беларусі патрабаванні да азартных гульняў зробяць больш жорсткімі

21 августа 2018

Букмекерскія стаўкі падобна стаўкам у казіно. Справа выпадку. Пры гэтым казіно заўсёды ў плюсе. А значыць гульцы больш прайграюць, чым выйграюць. Рызыка можа прывесці і да фінансавых праблем, і да сямейных узрушэнняў. Аб змяненнях у вядзенні ігральнага бізнесу сёння гаварылі ў Мінску. Указам Прэзідэнта вызначаны новыя патрабаванні, павышаны ўзроставыя абмежаванні для гульцоў. Дакумент комплексны, закранае ўсе сферы арганізацыі і правядзення азартных гульняў, у тым ліку і віртуальных. Вікторыя Антоненкава з падрабязнасцямі.

Першыя анлайн-казіно з'явяцца ў Беларусі 1 красавіка 2019 года. Дзейнасць ігральных устаноў заўсёды была на асаблівым кантролі ў дзяржавы, а таму працу казіно ў Сетцы будуць правяраць яшчэ больш дэталёва.

Сярод першачарговых задач - сацыяльная абароненасць людзей. Сярод ужо рэалізаваных мер: абмежаванні азартазалежных у наведванні казіно, праверка і кантроль гульнявога працэсу. Новы дакумент прад'явіць да арганізацыі азартных гульняў яшчэ больш жорсткія патрабаванні. Так, забаронена наведваць казіно асобам, якія не дасягнулі 21 года, уведзена ідэнтыфікацыя гульца. Сістэма відэаназірання ў казіно абавязковая. Усе гульнявыя аўтаматы праходзяць спецыяльную праверку і заносяцца ў дзяржаўны рэестр. Што тычыцца віртуальных ігральных устаноў, іх падключаць да касавай сістэмы, даступнай для дзяржорганаў, будзе весціся запіс усяго гульнявога працэсу.

Указ закліканы забяспечыць празрыстасць дзейнасці ігральных устаноў, але пры гэтым не завышаць патрабаванні да ўладальнікаў бізнесу. У дакуменце прапісаны і дэталізаваны ўсе неабходныя для працы казіно патрабаванні, некаторыя з іх спрошчаны або скасаваны.

Уладзімір Муквіч, намеснік міністра па падатках і зборах Беларусі: "Зараз дазволена дзейнасць з выкарыстаннем Інтэрнэту - гэта віртуальныя ігральныя ўстановы. Гэта галоўнае новаўвядзенне ў частцы лібералізацыі вядзення ігральнага бізнесу. Другое, гэта аптымізаваны парадак рэгістрацыі гульнявога абсталявання. Па-трэцяе, вырашана тая сітуацыя, калі ўзнікае канфліктная сітуацыя паміж арганізатарам азартнай гульні і гульцом, калі неабходна ў сціснутыя тэрміны вызначыць, гэта быў выйгрыш або збой".

Сёння ў Беларусі ліцэнзіі для адкрыцця казіно маюць 106 суб'ектаў гаспадарання, працуюць толькі 86 з іх. Яны прыносяць 0,2 % падатковых паступленняў у бюджэт. Асвоіць ігральную дзейнасць у Інтэрнэце, згодна з ацэнкамі спецыялістаў, змогуць каля паловы наяўных казіно.