У Беларусі ўжо дзейнічае працоўны дакумент – дэкрэт нумар 5

23 января 2015

Працаваць па новых правілах. У Беларусі ўжо дзейнічае працоўны дакумент – дэкрэт нумар 5. Як паказаў час, дакумент не выклікаў хваляванняў у работнікаў, а тым больш масавых звальненняў. За першы месяц у цэнтральным рэгіёне за парушэнне правілаў нікога не звольнілі. 

Пра тое, як змяніліся ўмовы працы, сюжэт Наталлі Кезік.

Абмеркаваць ўмовы новага дакумента ў агракамбінаце пад Мінскам паспелі. З дэкрэтам усіх работнікаў азнаёмілі яшчэ да новага года. У штаце 1600 чалавек. Але вопытныя работнікі ўпэўненыя: асаблівых змяненняў для іх няма.

Згодна з дакументам, пра новыя ўмовы працы альбо звальненне кіраўнік павінен папярэдзіць работніка за сем дзён, раней гэты тэрмін быў не менш як месяц. Таксама дырэктар мае права самастойна прымаць рашэнне па налічэнні прэмій. Але такія дадатковыя выплаты цалкам залежаць ад прыбытку прадпрыемства. Гэты ж пункт дэкрэта дае права пазбаўляць вас прэміі тэрмінам да года.

Згодна з новымі правіламі, кіраўнік прадпрыемства можа звольніць вас за невыкананне прафесійных абавязкаў, прагул або прычыненне шкоды. За апошняе дырэктар мае права патрабаваць з работніка кампенсацыю.

Адпаведна пятаму дэкрэту змяніліся правілы не толькі для звычайных работнікаў, але і кіраўнікоў. Яны цяпер на больш сур’ёзным узроўні будуць адказваць за свае дасягненні перад выканкамамі.

Цяпер дырэктар прадпрыемства будзе звольнены, калі не справіцца са сваімі абавязкамі і прывядзе прадпрыемства да страт. А ў будучыні заняць кіруючую пасаду дэкрэт дазваляе толькі праз пяць гадоў.

Таксама, згодна з дакументам, прызначэнне на новую пасаду работнікаў, якія раней былі звольненыя, дырэктар абавязкова павінен узгадняць не толькі з заснавальнікамі прадпрыемства, але і са старшынёй мясцовага выканкама.